У Ваўкавыску канфіскавалі шыльду памяці Ларысы Геніюш

Ваўкавыскія грамадзкія актывісты зьбіраліся сёньня ўшанаваць памяць Ларысы Геніюш урачыстым адкрыццём мэмарыяльнага знаку на доме № 40 што на вуліцы Перамогі. Паэтэса нарадзілася ў 1910 годзе ў фальварку Жлобаўцы 100 гадоў таму менавіта ў гэтым доме. У 1937 годзе яна пераехала са сваім мужам у Прагу. А яе сваякі пазьней перавезьлі дом у Ваўкавыск.
Гарадзкія ўлады пагадзіліся адкрыць памятную дошку, але дагэтуль гэтага не зрабілі. Грамадзкія актывісты вырашылі зрабіць гэта самі на свае сродкі. Ініцыятарам выступіў сябра БХД Мікалай Кавальчук. Яго схапілі на вуліцы ў 13.40 за 20 хвілінаў да пачатку ўрачыстай імпрэзы.
Мэмарыяльную шыльду сарвалі з будынку і канфіскавалі.
50 чалавек, якія сабраліся ля дому, у якім нарадзілася Ларыса Геніюш, пайшлі ў Ваўкавыскі РАУС, каб даведацца пра лёс Мікалая Кавальчука, які павесіў шыльду. Большасьць зайшла ў будынак, і неўзабаве Кавальчука выпусьцілі. У міліцыі сказалі, што лёс шыльды будзе вызначаць суд.