У Афганістане забітыя некалькі хрысціянскіх валанцёраў

10.08.2010, 16:17  |  Навіны, Свет

У Апостальскай Сталіцы са смуткам была прынята навіна аб забойстве ў Афганістане хрысціянскіх валанцёраў. Як падкрэсліў арцыбіскуп Роберт Сара, сакратар Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў, «загінулі нявінныя людзі, якія неслі дапамогу найбольш бедным афганцам». 

 

У Афганістане былі забіты 6 амерыканцаў, немка, англічанка і двое афганцаў. Адзін з загінуўшых, урач Том Літл, працаваў у краіне на працягу 30 год.  

 

Па словах кс. Джузэпэ Марэцці, які працуе ў Кабуле, вызнаваць хрысціянскую веру ў Афганістане сёння вельмі цяжка. Сітуацыя ў краіне ўскладняецца чаканнем парламенцкіх выбараў, якія адбудуцца тут у верасні. У гэтых абставінах, як адзначае святар, «талібы жадаюць паказаць, што яны знаходзяцца ў апазіцыі да працэсу дэмакратызацыі дзяржавы». У краіне не хапае школ, шпіталяў, забруджана каналізацыя, працуючыя пазбаўлены сваіх правоў. «Людзі жывуць толькі той сілай, якую чэрпаюць з ісламу, са сваёй веры, — дадае кс. Марэцці. — Яны жывуць надзеяй, што калісьці Афганістан зноў стане зямлёю міру».

Хрысціянская супольнасць у краіне складаецца з прадстаўнікоў іншых краін і налічвае, па словах кс. Марэцці, ад 100 да 150 чалавек. У прыватнасці, працуюць сёстры Ордэна Місіянерак Любові, заснаванага Маці Тэрэзай з Калькуты, якія апякуюцца прытулкам для дзяцей-сірот.

Крыніца: Catholic.by

Навіны па тэме