МІТРАПАЛІТА КАНДРУСЕВІЧА ПРЫМУЦЬ У МАЛЬТЫЙСКІ ОРДЭН

24.10.2009, 17:15  |  Навіны, Грамадства

25 кастрычніка  у менскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч будзе прыняты ў Суверэнны Рыцарскі Ордэн Гаспітальераў Святога Іаана Іерусалімскага Родаса і Мальты з тытулам Ганаровага Канвентуальнага Капелана.

 

Уладны Князь і Вялікі Магістр Ордэна Фра Мэцью Фэсцінг прызначыў пасла Мальтыйскага Ордэна ў Беларусі Паўля Фрыдрыха фон Фурхера сваім дэлегатам для правядзення цырымоніі прыняцця Мітрапаліта Кандрусевіча ў Ордэн.

 

Цырымонія прыняцця распачнецца ў 13.00 працэсіяй з прыслугоўваючых, святароў і біскупаў, якая пройдзе праз святыню ў прэзбітэрый. На пачатку святой Імшы з кароткім прывітальным словам да прысутных звернецца пробашч архікатэдральнай парафіі ксёндз Антоні Клімантовіч. Пасля гаміліі, якую на італьянскай мове з перакладам на беларускую прамовіць ксёндз Ян Кош’яр, распачнецца абрад прыняцця новага кандыдата ў Ордэн.

 

Пасля адбудзецца благаслаўленне рэгалій, прыманне прысягі ў Мітрапаліта і ўскладанне рэгалій на кандыдата ў рыцары Ордэна. Святая Імша працягнецца малітвай за Вялікага Магістра Ордэна і эўхарыстычнай літургіяй.

Навіны па тэме