У НЯМЕЧЧЫНЕ СФАРМАВАНЫ НОВЫ ЎРАД

24.10.2009, 22:26  |  Навіны, Свет

Федэральны канцлер Нямеччыны Ангела Меркель апублікавала склад новага ўрада краіны. У яго ўвайшлі прадстаўнікі партыяў, якія перамаглі на парламенцкіх выбарах - Хрысціянска-дэмакратычны саюз (ХДС), Хрысціянскі Сацыяльны саюз і Свабодная дэмакратычная партыя.

 

Аб першым прызначэнні ўжо аб'яўлена. Былы міністр унутраных спраў Нямеччыны Вольфганг Шойбле з гэтага часу будзе кіраваць Мінфінам краіны. 67-гадовы палітык адзін з найбачных дзеячаў ХДС/ХСС, блока, які зараз узначальвае Ангела Меркель. Палітычная кар'ера Шойбле пачалася яшчэ 25 гадоў таму. З тых часоў ён двойчы быў кіраўніком МУС, займаў пост федэральнага міністра па асобых даручэннях, а ў дзевяностыя гады быў лідэрам хрысціянскіх дэмакратаў. Аднак на рубяжы стагоддзяў Шойбле апынуўся ў цэнтры буйнога фінансавага скандалу, тады ён вымушаны быў саступіць пасаду старшыні ХДС/ХСС Ангеле Меркель. Зрэшты, гэта не перашкодзіла яго палітычнай кар'еры. Як не перашкодзіў ёй і замах, ахвярай якога палітык стаў у 1990 годзе. Цяжкае раненне, атрыманае міністрам, прыкавала яго да інваліднага крэсла. І ўсё ж Шойбле не пакінуў палітычную эліту Германіі.

 

Чакаецца, што лідэр Вольных дэмакратаў Гідо Вэстэрвеле атрымае ў новым урадзе пост міністра замежных спраў.

 

Меркель заявіла, што новы ўрад гатовы вырашаць праблемы, якія ёсць у Германіі і коратка апісала найбольш важныя моманты, якія яго чакаюць у бліжэйшы час - рэформа сістэмы аховы здароўя, павелічэнне дапамогі на дзяцей, памяншэнне некаторых падаткаў і г.д.

 

Лідэры партый, якія ўвайшлі ва ўрад, высока адгукнуліся аб новым кабінеце і выказалі сваё меркаванне наконт будучага курсу краіны. Так Гідо Вэстэрвеле заявіў, што на ягоную думку вельмі важна вывесці з тэрыторыі краіны ўсю ядзерную зброю, нават калі гэта і некалькі абвастрыць адносіны з саюзнікамі Германіі па НАТА і з ЗША.

 

Афіцыйнае пагадненне аб стварэнні кааліцыі будзе падпісана 26 кастрычніка.

Крыніца: Хартыя-97

Навіны па тэме