ПАЛОМНІЦТВА ДА КАЛІНОЎСКІХ (ФОТА)

26.10.2009, 11:37  |  Навіны, Грамадства

Сёлета ў Свіслачы ўжо ў 14-ты раз прайшоў дзень памяці паўстанцаў 1863 г. На яго святкаванне з’ехаліся людзі з Гародні, Менску, Ваўкавыску, Мастоў ды іншых гарадоў Беларусі.

 

Першым пунктам праграмы стала наведванне в. Якушоўка, дзе некалі стаяў маёнтак Каліноўскіх. У гэтым годзе вёска была ўнесена ў памежную зону, таму ад аўтобусу ісці да яе давялося праз мокрыя палі, праз рэчку, але ў гэтым таксама была свая прыгажосць. Каля вялізнага крыжа, плёну працы каваля Юрася Мацко, удзельнікі пачулі серыю прамоваў, “Песню паўстанцаў” ды “Край, ты мой край” у выкананні гарадзенскай моладзі, расповед мясцовых актывістаў пра гісторыю адкрыцця гэтых мясцінаў. Яшчэ ў 1987 г. заснавальнік “Паходні” Міхась Ткачоў праводзіў тут раскопкі, падчас якіх былі выяўлены падмуркі сядзібы, знойдзены ўнікальныя артэфакты, у т.л. пячатка паўстанцаў (якая потым таямніча знікла ў Менскім Інстытуце Гісторыі).

 

Пасля гэтага аўтобусы накіраваліся ў Свіслач. У гэтым мястэчку знаходзіцца непаўторная “алея герояў”: тут знайшлі сабе прытулак як адзіны ў краіне помнік Кастусю Каліноўскаму, так і… апошні бюст Сталіна. Пасля прамоваў каля мануметнаў Рамуальду Траўгуту (апошняму дыктатару паўстання 1863 г.) і Каліноўскаму, удзельнікі скіраваліся на могілкі, дзе пахаваны брат Кастуся Віктар, адзін з ідэйных натхняльнікаў паўстання. Там былі ўскладзены кветкі, прысутныя урачыста праспявалі гімн “Магутны Божа”.

Неафіцыйная частка прайшла пад трэск вогнішча і перабор гітары. Мясцовыя актывісты традыцыйна арганізавалі цёплую сустрэчу ў лесе. Нягледзячы на тое, што бард Валеры Жамойцін доўга не затрымаўся на імпрэзе, песні ў аўтобусе не сціхалі ажно да самай Гародні.

 

Падчас мерапрыемства з прамовамі выступалі кіраўнік гарадзенскай БСДГ У.Хільмановіч, лідэр БНФ А.Янукевіч, праваабаронца У.Сіўчык, кіраўнік БХД у Гародні А.Кіркевіч, мясцовыя актывісты. Увесь час удзельнікаў суправаджаў бусік АМАПу, вялася аператыўная з’ёмка, але да канфлікту з міліцыяй гэтым разам не дайшло.

ПАЛОМНІЦТВА ДА КАЛІНОЎСКІХ (ФОТА)ПАЛОМНІЦТВА ДА КАЛІНОЎСКІХ (ФОТА)ПАЛОМНІЦТВА ДА КАЛІНОЎСКІХ (ФОТА)ПАЛОМНІЦТВА ДА КАЛІНОЎСКІХ (ФОТА)ПАЛОМНІЦТВА ДА КАЛІНОЎСКІХ (ФОТА)

Навіны па тэме