Пазачарговая сесія Палаты прадстаўнікоў

07.09.2010, 11:06  |  Навіны, Палітыка

Пазачарговая, пятая, сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі пройдзе 7 верасня ў Мінску. Указ аб яе скліканні Аляксандр Лукашэнка падпісаў 19 ліпеня.

 

У парадак дня сесіі ўключаныя законапраекты «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2011 год» і «Аб бюджэце дзяржаўнага пазабюджэтнага Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь на 2011 год», папраўкі ў Падатковы і Бюджэтны кодэксы, паведамляе БелаПАН.

 

У спісе парадку дня няма пытанняў аб правядзенні прэзідэнцкіх выбараў.

 

Акрамя таго, дэпутаты атрымалі прыкладны графік працы Палаты прадстаўнікоў на верасень 2010. Тут звяртае ўвагу на сябе тое, што роўна праз тыдзень 14 верасня пройдзе яшчэ адно пазачарговае паседжаньне ПП. Мяркуецца, што праз тыдзень дэпутаты разгледзяць фінансавыя пытанні ў другім чытанні. Але таксама нельга выключаць, што 14 верасня ў парадку дня можа з’явіцца і пытанне аб правядзенні прэзідэнцкіх выбараў.

 

Цікава, што на сённяшнім паседжанні прысутнічае кіраўнічка ЦВК, Лідзія Ярмошына, паведамляе “Свабода”.

 

У адпаведнасці з Канстытуцыяй выбары прэзідэнта прызначаюцца Палатай прадстаўнікоў не пазней чым за пяць месяцаў і праводзяцца не пазней чым за два месяцы да заканчэння тэрміну паўнамоцтваў дзейнага прэзідэнта. Прэзідэнцкія паўнамоцтвы Лукашэнкі заканчваюцца 6 красавіка 2011 года. Такім чынам, крайні тэрмін правядзення прэзідэнцкіх выбараў — 6 лютага 2011 года, а іх прызначэння — 6 кастрычніка 2010 года.

Навіны па тэме