Прадстаўнік ЗША паабяцаў царкве “Новае жыццё” дапамогу

10.09.2010, 12:36  |  Навіны, Палітыка

Афіцыйны прадстаўнік ЗША ў Венскім офісе АБСЕ Цімаці Фінгарсан (Timothy Fingarson) сустрэўся з пастарам царквы “Новае жыццё” Вячаславам Ганчарэнкам і паабяцаў дапамогу.

 

У прыватнасці, Фінгарсон паабяцаў паведаміць пра сітуацыю пратэстанцкай царквы “Новае жыццё” прадстаўнікам усіх краін-чальцоў АБСЕ. Аб гэтым Рацыі распавёў юрыст царквы Сяргей Луканін:

 

– Спадар Фінгарсан сказаў, што ЗША вельмі пільна назіраюць за тым, што адбываецца ў сферы свабоды сумлення ў Беларусі, і прыклад царквы “Новае жыццё” тут вельмі відавочна паказвае, што адбываецца ў нашай краіне. Фінгарсан паабяцаў, што зробіць усё, што ад яго залежыць, каб інфармацыя, якую ён атрымаў ад пастара, стала даступнай для ўладаў тых краін, якія ўваходзяць у АБСЕ.

 

Як паведаміў Сяргей Луканін, сустрэча адбылася па ініцыятыве амерыканскай амбасады ў Беларусі. Такія сустрэчы з прадстаўнікамі розных дыпламатычных місіяў праходзяць кожны месяц, што дае надзею на тое, што замежныя дыпламаты паспрыяюць наладжванню дыялогу паміж царквой “Новае жыццё” і ўладамі. 

 

Даведка БелаПАН:  У канцы 2009 года абшчына апратэставала рашэнні ВГС ад 13 студзеня 2009 года, які не задаволіў іскі "Новага жыцця" аб прызнанні незаконным рашэння Мінгарвыканкама ад 17 жніўня 2005 года аб пазбаўленні абшчыны зямлі і будынка царквы па вуліцы Кавалёва, 72; аб перапрафіляванні будынка кароўніка ў культавы і змене мэтавага прызначэння зямельнага ўчастка, а таксама аб спагнанні з Мінгарвыканкама ўрону, панесенага царквой.

 

22 жніўня 2009 года сталічныя ўлады ўручылі прадстаўнікам абшчыны акт прыёмкі-перадачы будынка царквы, які вернікі адмовіліся падпісаць. З 24 жніўня яны вядуць у храме бестэрміновае кругласутачнае малітоўнае дзяжурства.

 

7 кастрычніка 2009 года гаспадарчы суд Мінска прыняў рашэнне выселіць царкву з будынка па Кавалёва, 72, а 8 снежня гэтая пастанова набыла моц.

 

У канцы 2009 года экалагічнае ведамства Мінгарвыканкама запатрабавала ад абшчыны на працягу двух месяцаў кампенсаваць урон, нанесены навакольнаму асяроддзю, на суму каля 263 млн. рублёў. Прычым чыноўнікі папярэдзілі царкву, што ў выпадку нявыплаты гэтай сумы пададуць іск у гаспадарчы суд Мінска аб прымуовым яе спагнанні.

Крыніца: Радыё "Рацыя"

Навіны па тэме