Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай укладу хрысціянаў у аб’яднанне Еўропы

10.09.2010, 15:05  |  Навіны » Палітыка

«Уклад хрысціянаў у аб’яднанне Еўропы» — тэма Х Міжнароднай канферэнцыі ў Кракаве, якая распачалася 10 верасня 2010 г. Сярод гасцей двухдзённай сустрэчы Прэзідэнт Рэспублікі Польшча Браніслаў Камароўскі, Апостальскі нунцый у Польшчы арцыбіскуп Чэлестыно Мільёрэ. З дакладам на канферэнцыі выступіў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

 

Ініцыятарам ужо дзесятай, юбілейнай канферэнцыі з’яўляецца біскуп Тадэвуш Перонэк. Галоўная мэта сустрэчы заключаецца ў аналізаванні свядомасці Еўропы адносна самой сябе, а таксама сваёй будучыні.

 

Арганізатары мерапрыемства — Папскі ўніверсітэт Яна Паўла ІІ у Кракаве, Фонд Конрада Адэнаўэра, Фонд Роберта Шумана ў Люксембургу.

 

У сваім выступленні беларускі іерарх звярнуў увагу на патрэбу захавання і абароны хрысціянскіх каштоўнасцяў у сучасным свеце. Аб’яднаная Еўропа, як адзначыў, павінна характарызавацца не толькі адзінай влютай — еўра, але і духоўнымі каштоўнасцямі. «Еўропа вырасла з хрысціянства, яна мае хрысціянскія карані і ў сваім развіцці павінна кіравацца не толькі ліберальна-гуманістычнымі і прагматычнымі прынцыпамі, але і духоўнымі каштоўнасцямі. Толькі тады яна будзе развівацца гарманічна і будзе мець будучыню», — падкрэсліў Мітрапаліт Кандрусевіч, нагадаўшы пры гэтым, што падобную пазіцыю мае і Праваслаўная Царква.

 

Гэта ўжо другі ўдзел арцыбіскупа Кандрусевіча ў працы міжнароднай канферэнцыі ў Кракаве, у якой удзельнічаюць прадстаўнікі Касцёла, свету навукі і культуры Еўрасаюза. Некалькі гадоў таму беларускі арцыпастыр быў запрошаны прыняць удзел у канферэнцыі з дакладам на тэму «Веравызнанні Расіі аб духоўных каштоўнасцях у Еўрасаюзе».

 

Прымаючы ўдзел у працы канферэнцыі, Мітрапаліт Кандрусевіч меў магчымасць сустрэцца з біскупамі розных краін Еўропы, у тым ліку са сваім даўнім знаёмым — лацінскім Патрыярхам Венецыі кардыналам Анджэло Скола, які, у сваю чаргу, пацікавіўся сітуацыяй Касцёла ў Беларусі і выказаў сваё задавальненне добрымі адносінамі з Праваслаўнай Царквой, з якой вядзецца крэатыўны дыялог, назіраецца ўдзел у супольных праграмах і ўзаемадапамога. Кардынал Скола не выключыў магчымасці наведаць Беларусь.

 

Падчас прабывання ў Кракаве арцыбіскуп Кандрусевіч сустрэўся са шмагадовым асабістым сакратаром Слугі Божага папы Яна Паўла II арцыбіскупам Кракаўскім кардыналам Станіславам Дзівішам. Мітрапаліт пазнаёміў кардынала з жыццём і дзейнасцю Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, яго дасягненнямі і праблемамі, а таксама з планамі адносна іх вырашэння. Пры гэтым арцыпастыр звярнуў увагу на адкрытасць дзяржавы ў сферы будаўніцтва новых месцаў культу, арганізацыі пілігрымак, падрыхтоўкі катэхізатараў і іншых пастырскіх акцый.

 

Акрамя гэтага, Мітрапаліт Кандрусевіч пазнаёміў кракаўскага кардынала з галоўнымі пастырскімі праграмамі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, падкрэсліўшы пры гэтым значэнне VI Фестывалю хрысціянскага кіно і тэлепраграм «Magnificat», 300-годдзя кансэкрацыі сённяшняй мінскай архікатэдры, святкаванне якога адбудзецца 9 кастрычніка з удзелам Папскага пасланца кардынала Юзафа Томко.

 

У сувязі з тым, што зусім нядаўна Мітрапаліт Кандрусевіч быў запрошаны прыняць удзел у Ганаровым камітэце II Сусветнага кангрэсу Божай Міласэрнасці, які адбудзецца 1–5 кастрычніка 2011 г. у Кракаве (Лагеўнікі), бакі абмеркавалі план правядзення форуму і яго значэнне, асабліва для Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, а таксама перспектывы ўдзелу беларускай дэлегацыі ў гэтым форуме. Нагагаем, што першы кангрэс, прысвечаны Божай Міласэрнасці, адбыўся ў Рыме ў 2008 г. і арцыбіскуп Кандрусевіч быў запрошаны на яго з дакладам.

 

У размове з нашым карэспандэнтам беларускі іерарх нагадаў пра тое, наколькі важнай для сучаснага свету з’яўляецца ідэя Божай Міласэрнасці як яго адзінай надзеі. Асабліва важная яна для краін былога СССР і Беларусі, дзе Божая Міласэрнасць праявілася ў справе захавання веры падчас яе пераследу і працягвае праяўляцца ў духоўным адраджэнні. Пры гэтым іерарх нагадаў пра мінулагодняе пілігрымаванне абраза Езуса Міласэрнага і рэліквій нашага зямляка благаслаўлёнага кс. Міхала Сапоцькі па парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэіі. Дадзеная перэгрынацыя, як адзначыў, стала сапраўднымі дыяцэзіяльнымі духоўнымі рэкалекцыямі. Мітрапаліт Кандрусевіч паведаміў, што ў будучым годзе плануецца арганізаваць сімпозіум, прысвечаны Божай Міласэрнасці.

 

catholic.by

Крыніца: catholic.by

Навіны па тэме