ВАТЫКАНСКІ КАРДЫНАЛ НАВЕДАЕ БЕЛАРУСЬ

27.10.2009, 13:02  |  Навіны, Грамадства

Старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардынал Вальтэр Каспер у лістападзе 2009 г. ужо ў другі раз наведае Беларусь. Па запрашэнні Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, ватыканскі іерарх прыме ўдзел у канферэнцыі, прысвечанай хрысціянска-юдэйскаму дыялогу, якая будзе праходзіць з 9 па 11 лістапада гг. у Мінску на базе Міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Й.Рау.

 

Плануецца, што ў межах свайго прабывання ў Беларусі кардынал Каспер узначаліць цэлебрацыю святой Імшы ў мінскім архікатэдральным касцёле.

 

Упершыню кардынал Каспер прабываў з візітам у Беларусі 14–18 снежня 2002 г. па запрашэнні кардынала Казiмiра Свёнтка i Канферэнцыi Каталiцкiх Бiскупаў у Беларусi. «Сустрэча з мясцовай Царквой, — так ватыканскі іерарх акрэсліў мэту свайго першага візіту ў нашу краіну. — Каб весцi дыялог, неабходна пазнаёмiцца з сiтуацыяй на месцы. Другiм пунктам майго вiзiту з’яўляецца сустрэча з праваслаўным Мiтрапалiтам Мiнскiм i Слуцкiм уладыкай Фiларэтам: у сведчаннi хрысцiян значную ролю адыгрываюць асабiстыя кантакты».

 

Вальтэр Каспер нарадзіўся 5 сакавіка 1933 г. у г. Хейдэнхейм /Брэнц (Германія). Святарскае пасвячэнне атрымаў у катэдральным саборы Ратэнбурга 6 красавіка 1957 г.Узначальваў кафедру дагматычнай тэалогіі на тэалагічным факультэце Мюнстарскага універсітэта.

16 сакавіка 1999 г. Святы Айцец Ян Павел ІІ прызначыў Вальтэра Каспера сакратаром Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству і віцэ-прэзідэнтам Камісіі па рэлігійным дыялогу з юдаізмам.

21 лютага 2001 г. быў далучаны да Калегіума кардыналаў. 3 сакавіка 2001 г. быў прызначаны старшынёй Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству і Камісіі па рэлігійным дыялогу з юдаізмам. 15 мая 2001 г. кардынал Вальтэр Каспер стаў членам Кангрэгацыі Веравучэння і Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў, а 18 мая таго ж года — членам Папскай рады па культуры. У 2002 г. быў прызначаны членам Вышэйшага Папскага касцёльнага суда (Signatura Apostolica). З’яўляецца аўтарам шматлікіх тэалагічных прац.

Навіны па тэме