У Мінску праходзіць перадвыбарчая канферэнцыя БХД (абноўлена 13:10)

12.09.2010, 11:47  |  Галоўныя навіны, Навіны, БХД, Палітыка

У Мінску распачалася перадвыбарчая канферэнцыя Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі.  Канферэнцыя мусіць стаць пачаткам прэзідэнцкай кампаніі Віталя Рымашэўскага. Таксама падчас мерапрыемства адбудзецца рэгістрацыйны з’езд дзеля спробы атрымання афіцыйнай рэгістрацыі Партыі.

 

Як звычайна, партыйнае мерапрыемства пачалося са спеву гімна “Магутны Божа” і малітвы “Ойча наш”. Пасля Павал Севярынец заклікаў ушанаваць хвілінай маўчання памяць загінулага журналіста Алега Бябеніна.

 

На канферэнцыі прысутнічалі больш за дзвесце чалавек, з якіх 135 - дэлегаты з'езда і 14 - прадстаўнікі прэсы.

 

За ўдзельнікамі назіраюць прадстаўнікі сілавых структураў. Перад пачаткам канферэнцыі на ганку Палаца культуры МТЗ, дзе праходзіць мерапрыемства, быў заўважаны чалавек у цывільным з рацыяй; іншы чалавек быў з металашукальнікам. Яшчэ некалькі асобаў назіраюць за актывістамі непасрэдна ў будынку.

 

11:35 – Зачытаныя прывітанні ад прэзідэнта Еўрапейскай народнай партыі (ЕРР) Вільфрэда Мартэса і міжнароднага адзелу ХДС (Нямеччына). Выступілі прадстаўнікі хрысціянска-дэмакратычных партый Нарвегіі і Нідэрландаў. Замежныя палітыкі пажадалі БХД поспехаў у палітычнай дзейнасці.

 

11:55 – Выступілі запрошаныя палітыкі Мікола Статкевіч і Вячаслаў Сіўчык, юрыст царквы “Новае Жыццё” Сяргей Луканін. Статкевіч падкрэсліў, што “нягледзячы на ідэалагічныя адрозненні, у нас ёсць адна святыня – Беларусь”.

 

12:10 – Адбываюцца справаздачныя выступы кіраўніцтва БХД. Пачаў выступ Павал Севярынец. Палітык пералічыў галоўныя дасягненні БХД за апошні год: рост колькасці сябраў, мясцовая выбарчая кампанія, стварэнне Рады народных дэпутатаў і Альтэрнатыўнага ўрада.

 

“Калі мы ідзем з Богам – мы будзем лідэрамі. Бо мы ідзем за адвечным Лідэрам, Які быў ад пачатку – Ісусам Хрыстом”, - падкрэсліў палітык.

 

Павал Севярынец заклікаў сябраў Партыі да адказнасці: “Калі мы нясем на сваім сцягу імя Хрыстовае, то мусім быць Божымі”.

 

12:20 – Выступіў сустаршыня БХД Георгі Дзмітрук. Як бізнесовец, ён прадставіў погляд БХД на эканоміку. На яго думку, улады так і не пачалі рабіць ніякіх захадаў у барацьбе з эканамічным крызісам. Выратаванне ад эканамічных праблем Дзмітрук бачыць у развіцці бізнэсу на аднолькавых для ўсіх умовах.

 

12:35 – Выступіў са справаздачнай прамовай кандыдат у прэзідэнты ад БХД Віталь Рымашэўскі. Да свайго ўнёску ў развіццё Партыі палітык залічыў міжнародную дзейнасць БХД, мясцовую выбарчую кампанію ў Мінску, правядзенне адукацыйных канферэнцый у рэгіёнах і стварэнне моладзевай структуры БХД.

 

Ад справаздачы за сваю ўласную дзейнасць палітык плаўна перайшоў да расповеду пра сваё бачанне ролі БХД у беларускай палітыцы. “БХД стала альтэрнатывай як рэжыму, так і сістэмнай апазіцыі. Мы далі прыклад таго, як можна яднацца не на глебе амбіцый ці грошай, а на глебе супольных каштоўнасцяў”, - заявіў Віталь Рымашэўскі.

 

Рымашэўскі, як і Севярынец, заклікаў сябраў Партыі да адказнасці: “Мы мусім адпавядаць сваім словам. Мусім быць зміранымі і адказнымі. Але ў той жа час я заклікаю быць смелымі і мужнымі ў абароне хрысціянска-дэмакратычных каштоўнасцяў”.

 

12:40 – Распачаўся Устаноўчы з’езд БХД. Вядзе яго Павал Севярынец. Палітык падкрэсліў, што правядзенне з’езда з’яўляецца выключна юрыдычнай фармальнасцю, неабходнай для падачы дакумантаў у Міністэрства юстыцыі.

 

12:55 - Па вынесеных на з’ездзе пытаннях – прыняццё статута і праграмы, выбары сустаршыняў, Нацыянальнай рады, рэвізійнай камісіі – дэлегаты галасавалі амаль адзінагалосна. Правядзенне устаноўчага  з’езда заняло ўсяго 15 хвілін.  

 

13:10 – Распачалося абмеркаванне перадвыбарчай кампаніі. Перад удзельнікамі канферэнцыі выступіў Павал Севярынец. Ён заклікаў вылучаць кандыдатам ад БХД Віталя Рымашэўскага.

 

Севярынец заклікаў праводзіць актыўны байкот у выпадку нерэгістрацыі Рымашэўскага. На яго думку, такі варыянт з’яўляецца найбольш верагодным, бо “Лукашэнка будзе выбіраць для сябе найбольш “прымальнага” суперніка”.

 

На думку Севярынца, БХД зараз мусіць браць на сябе лідэрства ў нацыянальным руху, як Беларускі народны фронт на мяжы 80-х і 90-х.

 

Аб рашэннях, прынятых падчас канферэнцыі, можна прачытаць тут.

Навіны па тэме