Адбылася перадвыбарчая канферэнцыя Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі

12.09.2010, 16:41  |  Галоўныя навіны, Навіны, БХД, Палітыка

Асноўным рашэннем канферэнцыі было пацвярджэнне рашэння вылучаць сустаршыню БХД Віталя Рымашэўскага кандыдатам у прэзідэнты. Такім чынам, ад сённяшняга дня распачалася прэзідэнцкая кампанія кандыдата ад хрысціянскіх дэмакратаў.

 

Вырашана, што ў выпадку нерэгістрацыі Віталя Рымашэўскага БХД будзе байкатаваць выбары і заклікаць людзей выйсці на Плошчу. На думку Паўла Севярынца, такі варыянт найбольш верагодны ў сённяшняй палітычнай сітуацыі, бо “Лукашэнка будзе выбіраць для сябе найбольш “прымальнага” суперніка”.

 

Удзельнікі канферэнцыі зацвердзілі тэзы перадвыбарчай кампаніі Віталя Рымашэўскага, прынятыя ў жніўні Нацыянальнай Радай. У тэкст тэзаў быў унесены пункт аб падтрымцы беларускай мовы і культуры.

 

На думку лідэраў БХД, сённяшняя палітычная сітуацыя ў Беларусі вызначаецца сутыкненнем інтарэсаў лукашэнкаўскай дыктатуры і Крамлю. Павал Севярынец параўнаў сённяшняе становішча з 1918 годам, калі была абвешчаная БНР і з пачаткам 1990-х. “У гэты момант БХД павінна нарошчваць сілы, каб у вырашальны момант узяць уладу ў свае рукі”, - заявіў Севярынец.

 

Віталь Рымашэўскі ў сваім выступе зазначыў, што БХД стала альтэрнатывай як рэжыму, так і сістэмнай апазіцыі. “Мы далі прыклад таго, як можна яднацца не на глебе амбіцый і грошай, а на глебе супольных каштоўнасцяў”, - адзначыў кандыдат.

 

Таксама Віталь Рымашэўскі заявіў, што разлічвае ў прэзідэнцкай кампаніі найперш на дабраславенне Божае і на падтрымку беларускіх хрысціянаў. Ён заявіў пра тое, што будзе праводзіць новую дактрыну беларускай палітыкі, якая “будзе арыентаваная на чалавека, на інтарэсы беларускага народа і на Ісуса Хрыста”.

 

Лідэры БХД заклікалі актывістаў да адказнага стаўлення да маючай адбыцца палітычнай кампаніі. “Я заклікаю ўкласці ў прэзідэнцкую кампанію ўсе свае сілы. Бо ў чалавечай слабасці выяўляецца сіла Госпада.”, - заявіў Павал Севярынец.

 

Навіны па тэме