СТВОРАНЫ БЕЛАРУСКІ НЕЗАЛЕЖНІЦКІ БЛОК

27.10.2009, 15:00  |  Навіны, БХД

"Беларускі незалежніцкі блок ствараецца для аб'яднання людзей, якія грунтуюцца на патрыятычных, хрысціянскіх і еўрапейскіх каштоўнасцях", — заявіў палітык Павал Севярынец 27 кастрычніка падчас прэс-канферэнцыі, прысвечанай прыняццю дэкларацыі аб стварэнні новай апазіцыйнай кааліцыі.

 

Дэкларацыю аб стварэнні Беларускага незалежніцкага блока падпісалі сузаснавальнік аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэкларацыя" Віталь Рымашэўскі, лідэр міжнароднага маладзёжнага аб'яднання "Малады фронт" (Чэхія) Зміцер Дашкевіч, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, лідэр руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч, а таксама кіраўнікі аргкамітэтаў па стварэнні руху "Маладая Беларусь" Артур Фінькевіч, руху салідарнасці "Разам" Вячаслаў Сіўчык, арганізацыі "Правы альянс" Юрый Карэтнікаў і маладзёжнага хрысціянскага сацыяльнага саюза "Маладыя дэмакраты" Алесь Шумкевіч.

 

"Для нас выключна важна, што гэта людзі аднаго духу і нават аднаго ўзросту, — падкрэсліў Севярынец. — Гэта моцны кулак, адзіная сіла, якая, на наш погляд, здольная менавіта для сваёй еднасці і салідарнасці перамагаць. <...> Гэты блок — аднаўленне лідэрства незалежніцкіх сілаў, якое было страчана ў 1999 годзе".

 

Аляксандр Мілінкевіч лічыць, што блок ствараецца на доўгі тэрмін. "Мы хацелі б быць разам столькі, колькі спатрэбіцца змагання за тыя каштоўнасці, якія мы спавядаем, — сказаў ён. — Мы будзем удзельнічаць у мясцовых выбарах. Я ўпэўнены, што не варта іх байкатаваць, бо гэта вельмі добры шанс прыйсці да людзей. Мы распрацуем агульную платформу і будзем ставіць мэтай уплыў на грамадства. Для сённяшняй палітыкі, я лічу, самае галоўнае — не толькі змаганне супраць дыктатуры і аўтарытарызму, а гэта мусіць быць пасланне людзям".

 

Паводле слоў Мілінкевіча, да выбараў будзе "прыдумана", як выбраць адзінага кандыдата ад Беларускага незалежніцкага блока.

Крыніца: БелаПАН

Навіны па тэме