Мілінкевіч сыходзіць, але не развітваецца

17.09.2010, 11:27  |  Навіны, Палітыка

Лідар руху «За Свабоду» не будзе балатавацца ў прэзідэнты. Пры гэтым ён заявіў пра падтрымку блоку трох праеўрапейскіх кандыдатаў.

 

Аляксандр Мілінкевіч адмовіўся ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах у якасці кандыдата. Пра гэта ён заявіў на прэс-канферэнцыі 17 верасня. Прычынаў адмовы дзве. Асноўная заключаецца ў тым, што 14 верасня 2010 старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла, што ніякіх зменаў у заканадаўства ўносіцца падчас кампаніі не будзе. Гэта была адна з галоўных умоў удзелу Мілінкевіча ў выбарах. «Не хачу ўдзельнічаць у спектаклі, дзе адзін рэжысёр і сцэнарыст, не хачу быць статыстам», — заявіў Мілінкевіч.

 

Другая прычына заключаецца ў адсутнасці адзінства ў апазіцыі.

 

Аляксандр Мілінкевіч не спыніць палітычнай і грамадскай дзейнасці. У гэтай выбарчай кампаніі ён будзе падтрымліваць блок трох праеўрапейскіх кандыдатаў — Алеся Міхалевіча, Рыгора Кастусёва і Юрыя Глушакова. 17 верасня прадстаўнікі блоку і Мілінкевіч падпісалі пагадненне Грамадзянская акцыя «Беларускі выбар».

 

Лідар Руху «За Свабоду» будзе ўдзельнічаць у зборы подпісаў, пікетах і сустрэчах з выбаршчыкамі.

 

Крыніца: "Наша Ніва"

Навіны па тэме