Выстава дзіцячых цацак ручной работы

Нацыянальны гістарычны музей упершыню правядзе выставу дзіцячых цацак ручной работы. Выстава, якая пройдзе ў Доме-музеі I з’езду РСДРП з 26 кастрычніка па 12 лістапада, атрымала назву «Аксамітны трус». Да ўдзелу ў ёй запрашаюцца ўсе, хто робіць цацкі для дзяцей сваімі рукамі.
Музей прапаноўвае майстрам-аматарам падзяліцца сваімі творамі на час правядзення выставы. Пасля заканчэння яе працы ўсе цацкі арганізатары абяцаюць вярнуць уладальнікам.
Цацкі могуць быць выкананыя на любую тэматыку з розных матэрыялаў — дрэва, салёнага цеста, гліны. Гэта могуць быць гульні-канструктары, пазлы, піраміды, кубікі, развіццёвыя дыванкі, падушкі, пано, мяккія кнігі і г.д.
Паводле меркавання арганізатараў, выстава дасць магчымасць пераканацца, што кожная мама можа зрабіць цацку для свайго дзіцяці ўласнымі рукамі. Для бацькоў у рамках мерапрыемства будуць арганізаваныя майстар-класы па стварэнні цацак, для дзяцей — развіццёвыя заняткі і тэатралізаваныя імпрэзы.
Заяўкі ад удзельнікаў выставы прымаюцца да 18 кастрычніка.