У Магілёў вярнулася Слуцкае Евангелле

24.09.2010, 13:15  |  Навіны, Культура

22 верасня на адкрыцці ў Магілёве духоўна-асветніцкай праграмы "Сям'я — яднанне — Айчына" жыхары вобласці атрымалі ў падарунак факсімільнае выданне Слуцкага Евангелля.

 

Слуцкае Евангелле — помнік пісьменства ХVІ стагоддзя, адна з самых вялікіх праваслаўных святыняў Беларусі. Гэтае Евангелле перапісаў уласнай рукой князь Юрый Алелькавіч, каб засведчыць сваю адданасць веры і традыцыям продкаў.

 

Пасля рэвалюцыі нацыянальная рэліквія трапіла ў Мінскі дзяржаўны музей, у сувязі з запланаваным пераносам сталіцы Евангелле перавезлі ў Магілёў. Разам з Крыжам Ефрасінні Полацкай яно захоўвалася ў пакоі-сейфе ў будынку Магілёўскага абкама партыі. У пачатку вайны ўсе каштоўнасці бясследна зніклі.

 

Аднак цудоўным чынам Евангелле было знойдзена ў 2003 годзе. Яго захоўвала ў сябе мінчанка: яна не ўяўляла сабе каштоўнасць гэтай рэчы і падаравала кнігу святару за адпяванне сваяка. Засталося таямніцай, куды рукапіс знік у час вайны і якім чынам трапіў у сям'ю жанчыны.

 

Тым не менш, Беларусь зноў атрымала ўнікальную гістарычную і духоўную каштоўнасць — Слуцкае Евангелле. Выдавецтва Беларускага Экзархата падрыхтавала і выпусціла ў свет факсімільнае выданне старажытнай кнігі.

 

Духоўна-асветніцкая праграма "Сям'я — яднанне — Айчына" будзе працаваць у Магілёве да 3 кастрычніка. Гэта праект Беларускай Праваслаўнай Царквы, які ажыццяўляецца ў супрацоўніцтве з дзяржавай, рэлігійнымі і грамадскімі арганізацыямі. Мэта праграмы — вырашэнне дэмаграфічных задач: усталяванне сямейных і маральных каштоўнасцяў, традыцыяў хрысціянскага шлюбу і ідэй духоўнага адраджэння нацыі, захаванне нацыянальнай годнасці, шматвяковай культурнай і духоўнай спадчыны. У праграме — кірмаш кніг і царкоўных рэчаў, лекцыі, круглыя сталы, выставы, канцэрты, тэатральныя прадстаўленні, дабрачынны марафон і хрэсны ход, які адбудзецца ў цэнтры Магілёва 26 верасня.

 

Ілона Іванова.

Крыніца: "Звязда"

Навіны па тэме