Звальненне Лужкова — удар па эканоміцы Беларусі?

29.09.2010, 11:14  |  Навіны, Свет, Палітыка

28 верасня на загад прэзідэнта Расіі Дзмітрыя Мядзведзева адпраўлены ў адстаўку доўгажыхар расейскай палітыкі 74-гадовы мэр Масквы Юрый Лужкоў. Пасьля 18 гадоў на пасадзе маскоўскага гораданачальніка Лужкоў быў адхілены з фармулёўкай "страта даверу", хоць яшчэ напярэдадні заяўляў, што добраахвотна сыходзіць не зьбіраецца.

 

Такім чынам, афіцыйны Менск пазбавіўся аднаго з самых моцных сваіх лабістаў у Расеі — значны таваразварот Беларусі і Масквы трымаўся перадусім за кошт цёплых асабістых стасункаў Лужкова і Лукашэнкі.

 

У лепшыя часы аб'ём гандлю Беларусі з Масквой перавышаў 6 мільярдаў даляраў, што параўнальна з таваразваротам Беларусі з эканамічна развітымі дзяржавамі. Падчас крызісу гэты паказнік быў зменшаны ўдвая, аднак расейская сталіца застаецца буйнейшым пакупніком беларускай бульбы, свініны, ялавічыны, курынага мяса, малочнай прадукцыі, а таксама шынаў, аўта- і трактарнай тэхнікі, аўтобусаў і тралейбусаў.

 

Эканаміст Іван Анташкевіч мае досьвед працы ў Менскім гарвыканкаме і перакананы: змены ў калідорах маскоўскай улады істотна паўплываюць на далейшае развіццё двухбаковых адносінаў і, мяркуючы па ўсім, не на карысць Беларусі:

 

"Зараз сытуацыя крайне ўскладнілася. Думаю, цяпер усё будзе залежыць ня столькі ад новага кіраўніцтва Масквы, колькі ад таго, якія адносіны будуць у прэзыдэнта і прэм'ера Расеі да наноў абранага ў чацвёрты раз прэзідэнта Беларусі, які, мяркуючы па тым, як працэс развіваецца, будзе прызнаны нелегітымным. Новае кіраўніцтва Масквы, відавочна, будзе іншым у адносінах да Лукашэнкі, бо, натуральна, гэта ўжо будзе стаўленік прэзідэнта і прэм'ера Расеі. З улікам цяперашніх адносінаў, ускладненне прынамсі для нас, у тым ліку — для гандлю. Сыітуацыя досыць цікавая, бо дагэтуль паміж Масквой і Менскам было зялёнае сьвятло, чым актыўна карысталіся і Лукашэнка, і Лужкоў з Батурынай".

 

Згаданая Алена Батурына — жонка Юрыя Лужкова і адна з багацейшых жанчын свету. Адмыслоўцы лічаць, што менавіта бізнэс-актыўнасць Батурынай прыспешыла адстаўку маскоўскага гораданачальніка. У віну Лужкову перадусім ставяць непрыкрытае

лабіраванне інтарэсаў жонкі, чыя фірма "Интеко" мае значныя прэфэрэнцыі і атрымлівае самыя выгадныя замовы. Карыстаючыся асаблівым стаўленнем беларускіх уладаў, Батурына хутка заняла і самыя прывабныя кавалкі рынку ў Беларусі. У 2008 годзе ўхваленыя маскоўскай мэрыяй забудоўшчыкі, сярод якіх першая роля належыць фірма "Интеко", пачала будаваць жылыя дамы ўздоўж менскага праспэкту Дзяржынскага і ў мікрараёне Лябяжы. Таксама Батурына пачала ўзвядзенне першага ў Беларусі "хмарачоса ХХІ стагоддзя" на вуліцы Кальварыйскай у Менску — 32-павярховае збудаванне вышынёй 133 мэтры мяркуецца завершыць праз год. Таксама яна абавязалася збудаваць блізу дзясятка сучасных гіпермаркетаў з падземнымі паркоўкамі, кінатэатрамі і рэстаранамі. Паколькі бальшыня праектаў Батурынай ужо рэалізуецца, то, як лічаць спэцыялісты, пасля адстаўкі Лужкова наўрад ці трэба чакаць адтоку капіталу з Беларусі. Аднак новыя кантракты застаюцца пад пытаннем.

 

Дарэчы, у Беларусі "Интеко" мае прыярытэтнае права на пераабсталяванне пластыкавымі крэсламі спартовых арэнаў. Былы спартовы тэлекамэнтатар Уладзімер Даўжэнка кажа, што дзеля гэтага ва Ўздзе быў нават зачынены завод, які выпускаў аналягічную прадукцыі — прычым, удвая танней:

 

"Гэта так на 100%. Упэўнены, што гэта такая форма разліку за падтрымку з боку Масквы. На адным "Дынама" як падняліся, а абавязалі ж усюды паставіць! Камандаў у нас дастаткова, і, калі палічыць усе лігі, памножыць на зьмяшчальнасьць стадыёнаў, то лічбы будуць завоблачныя. Дый ня толькі стадыёны: палацы спорту, крыты манеж, іншыя арэны — тавар вельмі хадавы".

 

Адстаўцы Юрыя Лужкова папярэднічала масіраваная атака расейскіх мэдыяў — дарэчы, неўзабаве пасля аналагічных наездаў на Аляксандра Лукашэнку. Дарэчы, тыдзень таму Лукашэнка віншаваў сябра з 74-м днём нараджэньня і спадзяваўся на далейшае ўмацаванне двухбаковых кантактаў. А 45-годдзе Дзмітрыя Мядзьведзева, які вырашыў лёс Лужкова, Лукашэнка папросту праігнараваў.

 

Ігар Карней

Навіны па тэме