ЦВК не разгледзеў скаргі на нерэгістрацыю ініцыятыўнай групы Лукашэнкі належным чынам, лічыць Гары Паганяйла

01.10.2010, 17:15  |  Навіны, Палітыка

Цэнтрвыбаркам не разгледзеў скаргі на нерэгістрацыю ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі належным чынам, заявіў 1 кастрычніка на прэс-канферэнцыі кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" юрыст Гары Паганяйла.

 

Ён нагадаў, што шэраг грамадзян звярнуліся ў ЦВК са скаргай, у якой патрабавалі адмяніць рэгістрацыю ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі, бо ён не падаў неабходныя дакументы ў ЦВК асабіста, як гэта патрабуе артыкул 61 Выбарчага кодэкса, а праз кіраўніка свайго выбарчага штаба міністра адукацыі Аляксандра Радзькова.

 

"Гэтыя скаргі павінны былі быць разгледжаны на пасяджэнні ЦВК, якое зарэгістравала ініцыятыўную групу Аляксандра Лукашэнкі. Аднак грамадзяне атрымліваюць адказы на свае скаргі за подпісам старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай або наогул за подпісам наёмных работнікаў, радавых членаў ЦВК", — паведаміў Паганяйла.

 

Акрамя таго, паводле слоў Паганяйлы, ЦВК не дае ні назіральнікам ад грамадскага аб'яднання "Беларускі Хельсінскі камітэт", ні прадстаўнікам удзельнікаў прэзідэнцкай гонкі інфармацыю аб тым, якая колькасць скаргаў на парушэнні выбарчага заканадаўства наогул паступіла ў ЦВК.

 

Сяргей Пульша

Крыніца: БелаПАН

Навіны па тэме