БТ арганізуе тэледэбаты для кандыдатаў у прэзідэнты

05.10.2010, 18:04  |  Навіны » Палітыка

Белтэлерадыёкампанія і Цэнтрвыбаркам падпішуць пратакол аб выступленні кандыдатаў у прэзідэнты на тэлеканалах Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі (НДТРК).

 

Пра гэта на прэс-канферэнцыі 5 кастрычніка ў Мінску паведаміў старшыня НДТРК Аляксандр Зімоўскі.

Паводле яго слоў, зараз з ЦВК узгадняюцца ўсе пазіцыі, што тычацца выступлення кандыдатаў у адпаведнасці з заканадаўствам Беларусі. Плануецца,  што на тэлеканалах Белтэлерадыёкампаніі ім будзе адведзены эфірны час для зваротаў да выбаршчыкаў з 19.20, на радыёканалах — з 6.10 да 6.40. Акрамя гэтага, паведаміў Зімоўскі, для кандыдатаў у прэзідэнты будуць арганізаваны тэледэбаты.

«Раней планавалася, каб кандыдаты гутарылі тэт-а-тэт, але нам рэкамендавалі ўвесці мадэратара ад тэлебачання, які будзе весці гутарку», — сказаў кіраўнік НДТРК. Ён заўважыў, што для ўдзелу ў тэледэбатах кандыдаты ў прэзідэнты павінны заявіць пра сваю гатоўнасць у Белтэлерадыёкампанію.

Адказваючы на пытанне журналістаў, ці не плануе Белтэлерадыёкампанія запусціць гумарыстычную перадачу пра палітыку кшталту «Кухні» на ОНТ, Зімоўскі заявіў, што такой перадачы не будзе. «Я не бачыў „Кухню“, але ўпэўнены, што яна не ўяўляе сабою выкліку праектам Белтэлерадыёкампаніі». У цэлым, паводле яго слоў, большая частка кантэнту Белтэлерадыёкампаніі сёлета будзе прысвечана палітыцы. «Скончацца выбары, і ў новым годзе сетка вяшчання будзе абноўлена», — паведаміў ён.

 

Наша Ніва

Крыніца: Наша Ніва

Навіны па тэме