Ці абвесціць Лукашэнка аўтакефалію праваслаўнай царквы?

05.10.2010, 15:43  |  Навіны » Палітыка

З нагоды сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі падчас візыту ў Турэччыну з канстанцінопальскім патрыярхам зьявіліся меркаваньні, ці не зьбіраецца беларускі прэзыдэнт перавесьці беларускую праваслаўную царкву пад эгіду Канстанцінопальскага патрыярхату або прынамсі папалохаць такой пэрспэктывай сваіх маскоўскіх партнэраў.

 

Наколькі імаверным вам падаецца такі сцэнар? З гэтым пытаньнем мы звярнуліся да экспэрта ў царкоўных справах Наталлі Васілевіч.

Васілевіч:

 

Сустрэча сапраўды адбылася, была цёплая гутарка, грэцкія тэлеканалы перадавалі, што там ішла размова пра аўтакефалію. Але мне гэта падаецца даволі дзіўным. Я ўпэўненая, што Лукашэнка выкарыстоўвае гэта з розных прычынаў. Гэта добра ўкладаецца ў цяперашні канфлікт з Расіяй. Лукашэнка выдатна ведае, што ў Рускай праваслаўнай царквы ёсць свая пазіцыя і пытанне аўтакефаліі, пытанне першынства канстанцінопальскага патрыярхату – пытанні для РПЦ вельмі балючыя. І тое, што прэзідэнцкі сайт, апісваючы візыт, называе Канстанцінопальскі патрыярхат першым, самым шаноўным, які займае самае важнае месца ў праваслаўным свеце – гэта паказвае, што Лукашэнка робіць ход у бок Маскоўскага патрыярхату. Тут канстанцінопальскі патрыярх выступае піяр-фігурай, якую Лукашэнка выкарыстоўвае, каб зрабіць чарговы раз балюча сваім шматгадовым сябрам і паказаць, што калі яны не будуць паводзіць сабе так, як хоча прэзідэнт Беларусі, ён будзе ўмешвацца ў царкоўныя справы ажно да аўтакефаліі. Я апошнія дні размаўляла са святарамі, з вернікамі – ніхто не ведае пра візіт Лукашэнкі ў Канстанцінопальскі патрыярхат. Усе царкоўныя СМІ не падаюць нават самага факту, што такая сустрэча адбылася.

Я думаю, што для Беларускай праваслаўнай царквы гэтая тэма неактуальная і ніякіх перамоваў з кіраўніцтвам БПЦ з гэтай нагоды не вялося. Гэта – выключна піяр-ход.

Такім жа піяр-ходам быў і візіт да папы рымскага, калі адной з мэтаў было паказаць Расіі і Маскоўскаму патрыярхату, што беларускі рэжым настроены рашуча і не будзе проста трываць, калі яго жаданні не выконваюцца. Мне здаецца на дадзены момант абсалютна неверагодным прызнанне нейкай аўтакефаліі з боку канстанцінопальскага патрыярха.

Бо канстанцінопальскі патрыярх, у адрозьненні ад нашага Філарэта, пад дудку нейкага ўсходнееўрапейскага дыктатара наўрад ці будзе танчыць. У яго ёсць свае каштоўнасці і прынцыпы.

 

радыё Свабода

Навіны па тэме