Дзярждума Расіі “нахіліла” Лукашэнку

06.10.2010, 18:16  |  Навіны » Палітыка

Дэпутаты дзярждумы Расійскай Федэрацыі прынялі заяву адносна расійска-беларускіх узаемаадносінаў, у якой пацвярджаецца, што “саюзнаму будаўніцтву” “няма разумнай альтэрнатывы”.

 

Як адзначае агенцтва ИА REGNUM Новости, у заяве гаворыцца, што “антырасійская рыторыка, якая ў цяперашні час выкарыстоўваецца кіраўніцтвам Рэспублікі Беларусь, супярэчыць гістарычнаму лёсу рускага і беларускага народаў, супярэчыць духу культурных і эканамічных сувязяў, якія складваліся шмат стагоддзяў, нашаму ладу жыцця і мыслення”.

Расійскія дэпутаты лічаць, што перад Расеяй і Беларуссю стаяць “стратэгічныя мэты” і гэта “накладвае на дзяржавы асаблівую адказнасць, перш за ўсё за эфэктыўнасць і разьвіццё інтэграцыйных працэсаў у межах СНД, АДКБ, ЭўрАзЭС, Мытнага саюзу”. “Расія была і застаецца цвёрдым прыхільнікам саюзнага будаўніцтва. Гэтаму няма разумнай альтэрнатывы” – гаворыцца ў тэксце.

КПРФ унесла альтэрнатыўны праект, у якім канстатавалася, што метады кіраўніцтва Расіі ў дачыненні да Беларусі “выклікаюць непрыманне ў расійскага і беларускага народаў”, “ідуць насуперак гістарычнаму лёсу” абодвух краінаў і выказваўся заклік “не ўмешвацца ва ўнутраныя справы Беларусі”. Аднак праект камуністаў быў адхілены.

Пад час абмеркавання, віцэ-спікер дзярждумы Уладзімір Жырыноўскі заявіў, што “толькі Масква яго (Лукашэнку) рабіла прэзідэнтам”. Прадстаўніца фракцыі “Справядлівая Расія” Таццяна Маскалькова заявіла, што “нельга абрынаць спадзяванні мільёнаў беларусаў і расіянаў на стварэнне адзінай дзяржавы. Менавіта прэзідэнт Лукашэнка тарпедаваў дакументы аб стварэнні Мытнага саюзу, амаль год Лукашэнка не ўступаў у кіраўніцтва АДКБ...”.

 

радыё Свабода

Навіны па тэме