“Беларускі Бацька атрымаў вербальную поўху”

07.10.2010, 19:06  |  Навіны » Палітыка

Лютая і знарок публічная “слоўная вайна” паміж Беларуссю і Расіяй наводзіць на думку, што Крэмль спыняе падтрымку Лукашэнкі і дае зразумець гэта беларусам напярэдадні выбараў – піша ў аглядзе публікацыяў расійскі інтэрнэт-рэсурс inopressa.ru.

 

Масква траціць цярпенне ў адносінах з саюзнай Беларуссю і яе аўтарытарным прэзідэнтам, – адзначае сталы аўтар Die Welt Манфрэд Квірынг. “Адпраўнікам непрыемнага паслання стаў Дзмітры Мядзьведзеў, – піша аглядальнік, – а Лукашэнка ж лічыў, што яму выдатна ўдаецца абводзіць расійскага калегу вакол пальца”.

“Апошні дыктатар Еўропы не хацеў успрымаць маладога палітыка ў Крамлі сур'ёзна – дзёрзкасці, якія ён дазваляў сабе апошнім часам на адрас Масквы, прымушалі 45-гадовага Мядзьведзева гнеўна чырванець... Маскву больш за ўсё раздражняе тое, што яна апынулася ў ролі асноўнага замежнага ворага Менску, – заўважае Квірынг і канстатуе: – Адносіны паміж Масквою і Менскам абвастрыліся напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў... Упершыню Масква не хавае, што нічога не мае супраць перамогі апазіцыйнага кандыдата”.

Чаму расійскі прэзідэнт Мядзьведзеў абрынуўся з крытыкаю на Аляксандра Лукашэнку, разбіраецца аглядальнік The Christian Science Monitor Фрэд Уэйр. Лютая і знарок публічная “слоўная вайна” паміж Беларуссю і Расіяй наводзіць на думку, што Крэмль збіраецца спыніць падтрымку Лукашэнкі: “той гаворыць як найлепшы сябар Масквы, але ў рэальнасьці ўжо даўно робіць усё па-свойму”.

На гэтым тыдні Лукашэнка прыгразіў выйсці з саюзнай дзяржавы з Расіяй, АДКБ і Мытнага звязу. “У апошнія тыдні ён абходжвае Кітай і Турцыю ў пошуках эканамічнай дапамогі, гаворыць аб новым падыходзе да стасункаў з ЗША, Еўразвязам і нават НАТО. Але шматлікія эксперты лічаць, што ягоны рэжым загнаны ў кут”, – гаворыцца ў артыкуле. На погляд Мікалая Пятрова з маскоўскага Цэнтру Карнэгі, сваёй рэакцыяй Крэмль хоча паведаміць беларусам, што Лукашэнка больш не лічыцца сябрам Расіі.

 

Паводле радыё Свабода

Навіны па тэме