У ГОМЛІ СВЕДКУ ІЕГОВЫ СУДЗЯЦЬ ЗА АДМОВУ АД СЛУЖБЫ Ў ВОЙСКУ

29.10.2009, 21:34  |  Навіны, Грамадства

Суд Цэнтральнага раёна Гомля разгледзіць справу навабранца Змітра Смыка. Медкамісія прызнала яго годным да службы ў войску. Аднак Смык, які з’яўляецца вернікам царквы “Сведкі Іеговы”, з пастановай катэгарычна не згодны.

 

Ён заявіў, што служыць яму не дазваляюць рэлігійныя перакананні. Таму на яго распачалі крымінальную справу з нагоды ўхілення ад вайсковага прызыву. Судовыя разбіральніцтвы цягнуцца ўвесь кастрычнік, аднак пакуль што нічым не скончыліся.

 

Яны рабілі запыт у маю арганізацыю, ці гэта арганізацыя забараняе мне служыць у войску, ці гэта маё асабістае перакананне. Настроеныя не ў маю пазіцыю — гэта адназначна. Я думаю, сёння будзе вынесены прысуд. Калі ён будзе абвінаваўчы, буду падаваць апеляцыю”.

 

Абвінавачаны цвердзіць, што гатовы прайсці альтэрнатыўную службу. Аднак казус сітуацыі ў тым, што закону аб альтэрнатыўнай службе ў краіне дагэтуль няма. У Канстытуцыі ж, наадварот, замена вайсковай службы на альтэрнатыўную прадугледжаная.

 

Сёння судовы разгляд справы супраць гомельскага верніка чарговы раз перанесены. Гэтым разам на 6 лістапада.

 

Паводле Змітра Смыка, абвінаваўчы бок яшчэ не атрымаў адказ на запыт з войска.

 

“Яны адпраўлялі яшчэ запыт у ваенкамат, ці маюцца ўмовы ў вайсковых частках, каб вернікі маглі там сваю рэлігію спавядаць. Чамусьці адказ яшчэ не прыйшоў. Таму суддзя даў яшчэ 8 дзён, каб дачакацца адказу. Я вырашыў пакуль што абараняцца сам, таму што паслугі адваката — гэта зусім не танна. А я чалавек сямейны, працую пакуль што адзін”.

 

Крыніца: "Еўрарадыё"

Навіны па тэме