Пераможца кінафестывалю "Лістапад-2010" экранізуе Васіля Быкава

15.11.2010, 16:56  |  Навіны, Культура

Уладальнік Гран-пры Менскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад-2010" Сяргей Лазніца пасля поспеху сваёй дэбютнай ігравой стужкі "Шчасце маё" мяркуе зняць мастацкі фільм паводле аповесці Васіля Быкава "У тумане". Такім чынам ён мае не толькі выказаць даніну павагі класыку беларускай літаратуры, але і аддзячыць сваёй радзіме — 46-гадовы Сяргей Лазніца нарадзіўся ў Баранавічах.

 

У адным з інтэрвію Сяргей Лазніца кажа, што кінасцэнар паводле аповесці Васіля Быкава быў напісаны яшчэ на пачатку 2000-х. Права на пастаноўку рэжысёр атрымаў незадоўга да смерці Быкава — у 2002-м. Але, як ён кажа, беручыся за здымкі любога фільму, трэба быць гатовым узяць на сябе адказнасць. У той час асэнсавання поўнай гатоўнасці не было, таму праект давялося адкласці. З Менску Лазніца адляцеў на чарговы кінафорум у Бразілію, і сувязі з ім пакуль няма.

Але, як кажа кінакрытык Ала Бабкова, падчас нядаўняй сустрэчы з Лазніцам той пацвердзіў, што нарэшце мяркуе давесці задуму з "туманам" да лагічнага заканчэння:

"Я ў яго наўпрост запытала: ці праўда, што ён усё ж будзе здымаць кінастужку паводле аповесці Васіля Быкава "У тумане"? І ён мне гэтак жа проста адказаў: "Так, праўда".

Яшчэ раней сам Лазніца казаў, што яго закрануў за жывое сюжэт гісторыі: здрадзіць сабе і стаць адлюдкам — альбо сысці з жыцця. І чым больш у чалавеку гуманнасці, тым меней у яго шанцаў застацца жыць. Партызаны едуць забіваць мірнага жыхара, бо лічыцца, што ён калабарант. І хоць ён з немцамі не супрацоўнічае, давесці гэта немагчыма.

Сведкам нечага падобнага, як згадвае Лазніца, быў ён сам, калі яшчэ жыў у Баранавічах. У ягоным двары быў чалавек, якога таксама лічылі калабарантам. Ён не супрацоўнічаў з фашыстамі, але прайшоў лагеры і быў адлюдкам. І толькі дзед Лазніцы ставіўся да яго лепш за навакольных, бо, прайшоўшы вайну, ведаў, што не ўсё падзяляецца на чорнае ці белае. Хоць сам Сяргей быў яшчэ малы, яго гэтая гісторыя надзвычай уразіла. "Для мяне справа гонару — зняць карціну. У тым ліку гэта абавязак перад Быкавым, які паспеў пажадаць мне ні пуху, ні пяра", — рэзюмаваў Сяргей Лазніца.

Крытыкі сыходзяцца на думцы, што і прэзентаваны фестывальны фільм "Шчасце маё", які атрымаў у Менску Гран-пры "Золата лістапада", па сваёй сутнасці — "антысавецкі": нягледзячы на дэклараваную "выключнасць", Расія насамрэч закансэрвавалася ў "барбарскім грамадстве". Гаворыць Ала Бабкова:

"Фільм зняты ў ка-прадукцыі: Украіна — Германія — Галандыя. Стужка пра тое, што ў Расіі да гэтага часу, ад заканчэння вайны, нічога не змянілася: дзікасць, зладзейства, улада ў пагонах пажырае сябе саму. Расійцы — бедныя небаракі, вось пра што фільм. Апішу рэакцыю гледачоў. Адна дама крычала, што рэжысёр прадаўся немцам, таму зрабіў менавіта такую карціну пра Расію. Малады хлапец сказаў, што пачуў мат у гэтым фільме і яго гэты мат адвучыў мацюкацца ў жыцці. Стала проста агідна. Яшчэ адна жанчына сядзела і проста плакала. А ўвогуле бальшыня людзей выходзілі з глыбокай думкай на твары. Магу сказаць: Лазніца хоць зараз і жыве ў Германіі, але вельмі добра ведае расійскую правінцыю як дакументаліст. Шмат разоў прыяжджаў у Расію здымаць дакументальнае кіно, аб'ездзіў багата расійскіх рэгіёнаў і надзвычай добра адлюстраваў убачанае ў стужках. "Шчасце маё" — ягоная першая ігравая карціна".

Нават расійскія крытыкі, прагледзеўшы стужку Лазніцы на сёлетнім кінафоруме "Кінатаўр", дзе "Шчасце маё" атрымала прыз за лепшую рэжысуру і прыз Гільдыі кіназнаўцаў і кінакрытыкаў, на прыкладзе галоўнага героя, сярэднестатыстычнага дальнабойшчыка, прыйшлі да агульнай высновы: Расія — гіблае месца, "імперыя" канчаткова збілася з дарогі і трэба "валіць" адтуль як мага хутчэй.



Сяргей Лазніца нарадзіўся 5 верасня 1964 году ў Баранавічах на Берасцейшчыне. Скончыў Кіеўскі політэхнічны інстытут, працаваў навуковым супрацоўнікам у Інстытуце кібэрнетыкі ва ўкраінскай сталіцы. У 1991-м паступіў ва Усерасійскі інстытут кінематаграфіі на аддзяленне рэжысуры ігравога кіно, які скончыў з выдатнай адзнакай. Працаваў рэжысёрам на студыі дакументальных фільмаў у Санкт-Пецярбургу, у 2001-м эміграваў з сям'ёй у Германію. У актыве Лазніцы — тры поўнаметражныя і восем кароткаметражных дакументальных стужак, а таксама ігравая карціна "Шчасце маё".

Навіны па тэме