Літоўскі парламентар патрабуе ад Грыбаўскайтэ адказу па Беларусі

16.11.2010, 17:41  |  Навіны, Свет, Палітыка

Дэпутат Сойму Літвы ад кіраўнічай партыі кансерватараў Мантас Адаменас скрытыкаваў погляд Далі Грыбаўскайтэ на Беларусь. Парламентар заявіў, што яе пазіцыя можа азначаць адмову падтрымліваць дэмакратызацыю Беларусі. Пра гэта паведамляе Радыё "Свабода" са спасылкай на газету Lietuvos rytas.

 

На думку Адаменаса, выбары ў Беларусі не будуць дэмакратычнымі, і ў гэткіх умовах выказваць падтрымку Лукашэнку і казаць, што ён мае амаль 100-адсоткавую падтрымку грамадства, вельмі небясьпечна.

 

Нагадаем, раней з'явіліся звесткі, быццам падчас закрытай сустрэчы з амбасадарамі краінаў Еўрасаюзу Даля Грыбаўскайтэ заявіла, што перамога Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах дапамагла б захаваць стабільнасьць і абмежаваць расійскі ўплыў у Беларусі.

 

Адаменас нагадаў, што кіраўнікі дэмакратычных дзяржаваў пазбягаюць выказваць падтрымку канкрэтным кандыдатам, а тым больш недэмакратычна абраным, якім з'яўляецца Аляксандр Лукашэнка.

Крыніца: Еўрарадыё

Навіны па тэме