ЯК УЛАДЫ СПРАБАВАЛІ ПЕРАШКОДЗІЦЬ З’ЕЗДУ БХД

02.11.2009, 11:50  |  Галоўныя навіны

Выніковы рэпартаж аб затрыманнях і спробах запужаць дэлегатаў з’езду “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”.

 

У ноч на 31 кастрычніка супрацоўнікі ДАІ тройчы спынялі машыну з дэлагатамі ад Кобрына. Міліцыянты правяралі пашпартныя звесткі сяброў БХД. Дэлегаты прыехалі на з’езд толькі пад раніцу.

 

Тры машыны з Бабруйску былі спыненыя па дарозе на з’езд. Усю дэлегацыю пад кіраўніцтвам Таісіі Кабанчук трымалі больш за гадзіну, даглядаючы аўто і правяраючы пашпартныя звесткі. У рэшце рэшт, дзвюм жанчынам быў выпісаны штраф у 14.000 рублёў за тое, што яны былі не прышпіліныя рамянямі бяспекі на заднім сядзенні.

 

У Слуцку раніцай 31 кастрычніка былі спыненыя дзве машыны. Адну, у якой ехаў кіраўнік мясцовай гарадской арганізацыі БХД Віктар Двурэчанскі, нейзабаве адпусцілі, другую затрымалі на некалькі гадзінаў у райаддзеле для праверкі пашпартных дадзеных дэлегатаў. У выніку машына з Максімам Юрчанковым, намеснікам кіраўніка Слуцкай гарадской арганізацыі БХД, спазнілася на некалькі гадзінаў на з’езд. Дэлегаты паспелі толькі на другую палову з’езду.

 

У Пінску дэлегат Павал Дзенісевіч быў спынены на чыгуначным вакзале пасля таго, як набыў квіток на Мінск. У яго правяралі дакументы ды тых пор, пакуль не сыйшоў цягнік на сталіцу. Дачакаўшыся сыходу адзінага цягніка, на якім сябар БХД мог патрапіць на з’езд, перад Дзенісевічам выбачыліся і дазволілі ісці дахаты.

 

У Берасці сябар БХД Аляксандр К. быў выкліканы на гутарку з супрацоўнікам КДБ, які запатрабаваў ад яго адазваць подпіс заснавальніка БХД. Акрамя гэтага, ён пагражаў праблемамі актывісту і ягонай дзяўчыне, якая вучыцца ў мясцовым універсітэце.

 

Раніцай 31 кастрычніка на Кастрычнікай плошчы Менску, куды прыйшлі сябры БХД Мікалай Арцюхоў і Алесь Ількевіч, назіралася дзіўнае шоў: 4 машыны ДАІ, спецназ і міліцэйскія матацыклы, якія цугам ездзілі па плошчы.

 

“Такая карціна ў цэнтры Мінска назіралася ўпершыню. На маю думку, яна была звязаная з абяцаннем міністра ўнутраных спраў Куляшова абавязкова разагнаць з’езд БХД. Усё гэта можна расцаніць адным чынам: улада і хацела б перашкодзіць правядзенню з’езда, і прадпрымала для гэтага пэўныя дзеянні, але рашэнне еўрапейцаў па санкцыях у нейкі момант стрымлівала гэтае жаданне”, - зазначыў у каментары прэсавай службе партыі лідэр “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі” Павал Севярынец.

Навіны па тэме