У КАМІТЭЦЕ ААН ЗАРЭГІСТРАВАЛІ ПЕРШУЮ СКАРГУ З БЕЛАРУСІ НА ДЫСКРЫМІНАЦЫЮ ЖАНЧЫН

02.11.2009, 15:49  |  Навіны, Грамадства

У Камітэце ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын зарэгістравана скарга Інгі Абрамавай з Берасця. Свой зварот у ААН яна накіравала амаль год таму.

 

Па словах Абрамавай, у ізалятары часовага ўтрымання Ленінскага раёна Брэста была дапушчана дыскрымінацыя яе як жанчыны. Актывістка дэмсіл была затрымана міліцыянтамі Берасця ў 2007 годзе.

 

За "нецэнзурную лаянку" Абрамаву асудзілі на пяць сутак, якія яна правяла ў ізалятары Ленінскага раёна.

 

У скарзе Абрамава заяўляе, што ў гэтай установе, дзе персанал складаецца толькі з мужчын, яна зведала дыскрымінацыю па прыкмеце полу.

 

У прыватнасці, супрацоўнікі ізалятара — мужчыны, мелі магчымасць назіраць за ёй у той час, калі яна карысталася туалетам. Акрамя гэтага, ізалятар абсталяваны сістэмай відэаназірання, якая дазваляе дзяжурнаму і міліцыянтам пастаянна сачыць за тым, што адбываецца ў камерах.

 

Па інфармацыі праваабаронцаў, гэта першы такі зварот з Беларусі, зарэгістраваны ў Камітэце ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын.

Крыніца: БелаПАН

Навіны па тэме