Крыжу на Лукішскай плошчы больш нічога не пагражае

29.11.2010, 11:23  |  Навіны, Свет

У Літве распачаты новы конкурс рэканструкцыі Лукішскай плошчы ў Вільні. Праект накіраваны на тое, каб ушанаваць памяць змагароў за незалежнасць краіны.

 

Нагадаем, што мінулы конкурс выклікаў супярэчнасці, якія паляглі ў тым, што амаль ніводны з праектаў не прадугледжваў захавання памятнага крыжа і шыльды кіраўнікам паўстання 1863 году (К.Каліноўскаму і З.Серакоўскаму). Пасля перамоваў і вулічнай акцыі пад назвай “Паўстанцкі ланцуг” беларускай грамадзе ўдалося абараніць крыж і шыльду ды атрымаць пісьмовыя гарантыі захавання памятнага месца да новага конкурсу.

 

Пасля пачатку новага конкурса на рэканструкцыю Лукішскай плошчы, каардынатарам беларускай моладзевай ініцыятывы StudAlliance Кірылам Атаманчыка, быў накіраваны зварот у Міністэрства культуры Літоўскай Рэспублікі з просьбай улічыць інтарэсы беларусаў і стрымаць дадзенае раней слова. На што быў атрыманы станоўчы адказ, дзе было пазначана, што крыж і шыльда кіраўнікам паўстання 1863 года ўнесеныя ў нацыянальны рыестр гісторыка-культурнай спадчыны Літоўскай Рэспублікі, а значыць ахоўваецца законам гэтай краіны. Такім чынам, удалося не толькі дамагчыся захавання памятнага для беларусаў месца, але і прадаставіць гэтаму месцу статус аб'екта, які ахоўваецца дзяржавай.

 

Дзякуючы намаганням шматлікіх мясцовых беларусаў, студэнтаў ЕГУ, і ўсіх тых, хто падтрымліваў інфармацыйна і асвятляў падзеі, што былі звязаныя са змаганнем за адно з галоўных беларускіх месцаў у Вільні, гэтыя сімвалы ўдалося захаваць.

 

Моладзёвая ініцыятыва “StudAlliance”

Навіны па тэме