МІНІНФАРМАЦЫІ БУДЗЕ СПЫНЯЦЬ "ЛЮБЫЯ СПРОБЫ ДЭЗІНФАРМАВАЦЬ ГРАМАДЗЯН" АБ СІТУАЦЫІ З ГРЫПАМ

04.11.2009, 10:56  |  Навіны, Грамадства

Міністэрства інфармацыі мае намер спыняць "любыя спробы дэзінфармаваць грамадзян" пры асвятленні СМІ сітуацыі з захворваннем на грып, заявіла першы намеснік міністра Лілія Ананіч 3 лістапада ў эфіры беларускіх тэлеканалаў.

 

"Той інфармацыйны псіхоз, які назіраецца на старонках асобных газет і інтэрнет-парталаў, проста нікуды не варты і сведчыць аб тым, што асобныя СМІ спрабуюць нейкім чынам "разварушыць" сітуацыю", — сказала Ананіч.

 

"Я мяркую, што, калі ёсць праблема, аб праблеме трэба казаць. Калі грамадзяне занепакоены сваім здароўем, гэта таксама нармальна, — зазначыла прадстаўнік Мінінфарма. — Але мы павінны найперш казаць пра тое, што прафілактыка здароўя — гэта не момант для спекуляцый на праблемах, якія сёння ёсць. Сапраўды, суседнія краіны… такая карціна непрыгожая, і аб'яўлена жорсткая эпідэміялагічная сітуацыя. Але ў Рэспубліцы Беларусь нічога не адбываецца такога, што было б непадуладна нашай медыцыне. Так, ёсць хворыя, так, ёсць сёння праблемы з перабоямі ў лекавых сродках, але калі сёння сродкі масавай інфармацыі выклічуць усіх грамадзян нашай краіны ў аптэкі, то можна сабе ўявіць, што будзе з гэтымі аптэкамі. Няма ніякай патрэбы бегчы ў аптэкі скупляць лекі".

 

"Што да працы сродкаў масавай інфармацыі, мы ўважліва аналізуем і, вядома, у адпаведнасці з заканадаўствам будзем спыняць любыя спробы дэзінфармаваць грамадзян нашай краіны", — заявіла Ананіч.

 

Для гэтага, паводле яе слоў, будзе звернута ўвага на друкаваныя, электронныя СМІ, а таксама на інтэрнет-версіі зарэгістраваных мас-медыя.

Крыніца: БелаПАН

Навіны па тэме