ЛЕКАРЫ: “СВІНЫ ГРЫП” ПЕРАТВАРАЕ ЛЁГКІЯ Ў КАШУ

04.11.2009, 17:58  |  Навіны, Грамадства

Менавіта да такой высновы прыходзяць медыкі пасля агляду памерлых ад пнеўманіі беларусаў

 

Паводле звестак Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у папярэднія гады ў Беларусі ад пнеўманіі штогод памірала каля 800 чалавек. Зараз, калі ва ўсім свеце людзі хварэюць і паміраюць ад эпідэміі “свінога грыпу”, у Беларусі, згодна з афіцыйнай версіяй Міністэрства аховы здароўя, гэтай эпідэміі няма. І хоць днямі намеснік міністра Валянціна Качан прызнала, што ў краіне зарэгістравана 59 выпадкаў захворвання на грып H1N1, але паміраюць у нас хворыя не ад “свінога грыпа”, а ад пнеўманіі. Прынамсі, менавіта на гэтым настойвае першы намеснік міністра аховы здароўя Роберт Часнойць.

Вось толькі доктар адной з мінскіх паліклінік Таццяна не выключае таго, што сённяшнія захворванні на пнеўманію сталі вынікам заражэння людзей вірусам “свінога грыпу”.

Таццяна:
“Гэты вірус характарызуецца менавіта тым, што дае шмат пнеўманій, ацёкаў лёгкіх ды іншых ускладненняў. Плюс ён моцна паніжае імунітэт. Ён спрыяе таму, каб падышла і напластавалася бактэрыяльная спора — і атрымліваецца мяшаная пнеўманія, якую лячыць увогуле складана. Таму верагоднасць таго, што прычынай смерці ад пнеўманіі стаў “свіны грып”, вельмі вялікая”.

Украінскі доктар-эпідэміёлаг Аляксей Галімскі кажа, што грыпозная пнеўманія — адна з самых небяспечных хваробаў. У яе самы вялікі адсотак смяротных выпадкаў. Таццяна патлумачыла, у чым самая вялікая небяспека пнеўманіі.

Таццяна: “Праз лёгкія чалавек атрымлівае неабходны для крыві кісларод. Але падчас пнеўманіі гэты газаабмен парушаецца на тым узроўні, які неабходны арганізму. Чым большая зона запалення, тым больш пашкоджаныя тканкі лёгкіх. Падчас ацёчнасці ўсё большая частка лёгкага выключаецца з працэсу дыхання і не пастаўляе неабходную для чалавека колькасць кіслароду”.

Паводле яе слоў, менавіта вірус “свінога грыпу” правакуе заражэнне такой складанай формай пнеўманіі, якая вельмі хутка прыводзіць да смерці.

Таццяна:
“Мае знаёмыя медыкі, якія хадзілі на ўскрыццё, кажуць, што гэты вірус ператварае лёгкія нібы ў кашу — да такой ступені ён разбурае лёгкія”.

Ускладняецца ўсё гэта яшчэ і тым, кажа яна, што лячыць вірусныя інфекцыі дактары так і не навучыліся.

Таццяна: “Мы не ўмеем лячыць вірусы так, як мы, да прыкладу, умеем лячыць бактэрыяльныя інфекцыі. Няма такога прэпарату, які б добра блакаваў дзейнасць вірусаў. Той жа грып мы лечым чыста сімптаматычна. Сэнс у тым, каб яго вылечыць. Мы стараемся ўзняць імунітэт, але няма добрай доказнай базы ва ўсім свеце, што гэтыя прэпараты сапраўды выдатна лечаць”.

Па каментар наконт усяго вышэй сказанага Еўрарадыё звярнулася ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр эпідэміялогіі і мікрабіялогіі. Але кіраўніца групы грыпа і грыпападобных захворванняў аддзела эпідэміялогіі і імунапрафілактыкі інфекцыйных захворванняў Наталля Грыбкова катэгарычна адмовілася адказваць на любыя пытанні журналістаў. Матывуючы, сярод іншага, тым, што журналісты могуць сказіць інфармацыю.

Дарэчы, у скажэнні інфармацыі і правакаванні панікі абвінаваціла “некаторыя СМІ” ў сваім выступе 3 лістапада намесніца міністра Мінінфармацыі Лілія Ананіч. Еўрарадыё пацікавілася, ці не стане “інфармацыйны псіхоз” прычынай павелічэння колькасці захворванняў.

Супрацоўніца Цэнтра эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Наталля Грыбкова, ні слова не сказаўшы пра грып, тым не менш выказалася ў падтрымку Ліліі Ананіч.

Наталля Грыбкова:
“У мяне няма дакладнай інфармацыі, але чыста паводле псіхалагічных прыкметаў адно на другое можа ўплываць”.

Не выключае таго, што ўражлівы чалавек хутчэй захварэе, чым спакойны, і Таццяна. Праўда, кажа, залежыць гэта не ад журналістаў, а ад характару самой асобы.

Таццяна:
“Не тое, што журналісты напалохалі. Усё залежыць ад чалавека. Адзін паслухаў інфармацыю, а калі ён першапачаткова паводле тыпу сваёй нервовай сістэмы іпахондрык, уражлівы, ён будзе сябе гэтым прыгнятаць. І стан яго імунітэта будзе больш успрымальны да вірусу, чым у чалавека, які больш спакойна да усяго ставіцца”.

З высновамі дактароў не пагадзілася псіхолаг Вікторыя Пякарская.

Вікторыя Пякарская: “Людзі палохаюцца таго, што адбываецца. Яны могуць адчуваць сябе слабей. Але ж не зможа ў іх арганізме ніадкуль узяцца вірус! Ад самаўпэўнівання ў іх вірус не з’явіцца. Хаця агульнае аслабленне арганізма на фоне стрэсу, нервовага стану — гэта магчыма”.

Між тым, дактары прызнаюць, што за апошнія дні вольных месцаў у шпіталях фактычна не засталося. І ўсе хворыя там з віруснымі, а не інфармацыйнымі інфекцыямі.

 

Крыніца: "Еўрарадыё"

Навіны па тэме