НАЙБЛІЖЭЙШЫМІ ДНЯМІ Ў МЕНСКУ МОЖА БЫЦЬ АБВЕШЧАНА ЭПІДЭМІЯ ГРЫПУ

04.11.2009, 18:35  |  Навіны, Грамадства

Найбліжэйшымі днямі ў Менску можа быць абвешчана эпідэмія грыпу. Як паведаміла журналістам аўтарытэтная крыніца ў медыцынскіх колах, зараз рыхтуецца праект пастановы аб правядзенні ў сталіцы дадатковых супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў.

Паводле інфармацыі крыніцы, эпідэмічны парог па захворванні на ВРВІ і грып у горадзе ўжо перавышаны, аднак рашэнне будзе прынята паводле вынікаў аналізу звестак аб колькасці захварэлых 4 лістапада.

 

Эпідэмія абвяшчаецца, калі ўзровень захворвання ў кантрольных гарадах на працягу трох дзён перавышае эпідэмічны, а сярод прычын захворвання пераважаюць вірусы грыпу. У мінулыя гады ў Менску ў перадэпідэмічны перыяд штодзень захворвалі 3,5—4,5 тысячы чалавек. Падчас эпідэміі гэтая колькасць узрастае ў тры-чатыры разы.

 

Як паведаміла санітарна-эпідэміялагічная служба Менска, 3 лістапада з сімптомамі ВРВІ і грыпу да медыкаў звярнуліся 12.980 чалавек (2 лістапада — 14.333). Такім чынам, зараз колькасць захварэлых перавышае згаданы парог больш як у тры разы.

 

У сталічнай санслужбе і Міністэрстве аховы здароўя сітуацыю не каментуюць.

 

3 лістапада міністр аховы здароўя Васіль Жарко ў тэлевізійным звароце да насельніцтва заявіў, што сітуацыя з прастуднымі захворваннямі, віруснымі інфекцыямі і грыпам у краіне "не крытычная, але напружаная". Калі параўноўваць яе з папярэднімі гадамі падчас піку эпідэміі грыпу, то захворванне на ВРВІ і прастудныя хваробы ў некалькі разоў ніжэйшае, сцвярджаў міністр.

 

Крыніца: БелаПАН

Навіны па тэме