Нямецкі дэпутат патрабуе ўвядзення эмбарга на беларускія нафтапрадукты

11.02.2011, 15:06  |  Навіны, Свет, Палітыка

ЕС зрабіў больш жорсткімі санкцыі ў дачыненні да Беларусі, аднак Філіп Місфельдэр, дэпутат бундэстага ад ХДС, адказны у фракцыі за знешнюю палітыку, лічыць, што гэтага недастаткова.

 

Ён патрабуе эканамічнага эмбарга і лічыць, што гэтая мера можа падтрымаць беларускую апазіцыю, паведамляе Spiegel-Online.
 
Місфельдэр кажа пра неабходнасць узмацнення эканамічнага ціску на Лукашэнку. Паколькі экспарт нафтапрадуктаў для Беларусі вельмі важны, эмбарга можа пахіснуць рэжым. "У ЕС дастаткова сіл, каб расхістаць такую сістэму, як беларуская", – сказаў ён карэспандэнту выдання Андрэасу Нісману.
 
У гутарцы з журналістам Місфельдэр таксама казаў аб неабходнасці адзінага падыходу краін ЕЗ да Беларусі. "Калі гэта не атрымаецца зрабіць цяпер, то філасофстваванні аб адзінай еўрапейскай знешняй палітыцы варта спыніць". Акрамя таго, ён настойваў на больш цесным супрацоўніцтве па гэтым пытанні з ЗША і Расіяй. Нават калі мэты Расіі і Еўропы адносна Беларусі супадаюць не па ўсіх пунктах, Масква не можа ігнараваць сітуацыю ў суседняй краіне, лічыць ён. "Крэмль не можа жадаць з'яўлення каля ўласных дзвярэй другой Паўночнай Карэі", – упэўнены палітык.

Навіны па тэме