РЭЛІГІЙНАЯ, МАРАЛЬНАЯ І ГРАМАДСКАЯ ПАЗІЦЫІ МОЛАДЗІ Ў МЕНСКУ

07.11.2009, 12:12  |  Навіны, Грамадства, Аналітыка

Менская моладзь шукае свой шлях да Бога, хоць пакуль не ведае, у ва што канкрэтна яна верыць. Прапануем азнаёміцца з вынікамі працы ксяндза Сяргея Пекачова на тэму «Рэлігійная, маральная і грамадская пазіцыі моладзі ў Менску (Беларусь) на аснове даследаванняў». Дактарат Пекачоў абараніў ва Універсітэце імя кардынала Стэфана Вышынскага ў Варшаве (Польшча) сёлета ў кастрычніку.

 

Доктарская дысертацыя ўключае тры раздзелы: «Моладзь на фоне сучасных змен у Беларусі», «Прэзентацыя прыватных даследаванняў», «Пастырскія прапановы і пажаданні».

 

У першым раздзеле аўтар разглядае ступень рэлігійнага жыцця ў пасляваенны і сучасны перыяды, а таксама прадстаўляе сітуацыю, што склалася ў Беларусі ў постсавецкі час. Другі раздзел, прысвечаны прыватным даследаванням, утрымлівае апісанне і метад іх правядзення. Пытаннямі, на якія адказвала мінская моладзь, былі наступныя: самаацэнка рэлігійнасці, пазіцыя адносна дагматаў веры, рэлігійны вопыт, меркаванне адносна маральных каштоўнасцяў, вобраз маральнасці ва ўяўленні моладзі, абавязкі верніка і маральныя канфлікты, пазіцыя моладзі адносна сям’і, адносіны моладзі да каштоўнасцяў, давер іншым людзям і грамадская салідарнасць, адносіны моладзі да катэхезы, адукацыя ў жыцці чалавека, зацікаўленасць і ўдзел у культурна-сацыяльнай сферы. У трэцім раздзеле падсумоўваюцца вынікі праведзенага даследавання і ўтрымліваюцца пастырскія прапановы і пажаданні, якія могуць дапамагчы розным хрысціянскім Цэрквам, бацькам, педагогам і інш. у плённай рэалізацыі выхавання сучаснай моладзі.

 

На ўсіх этапах савецкай эпохі адным з галоўных заданняў грамадскай сістэмы было выхаванне «новага чалавека», савецкага жыхара, які б не быў абцяжараны «буржуазнымі забабонамі», у прыватнасці такімі, як рэлігія. Савецкі чалавек глядзеў на свет праз прызму «навуковага светапогляду», які, безумоўна, кантраляваўся камуністычнай партыяй.

 

Пасля Другой сусветнай вайны асаблівае месца ў гэтым працэсе выпала Беларусі як першай атэістычнай рэспубліцы ў СССР, а таксама гораду Менску, сталіцы камуністычнай рэспублікі. Гэты горад з доўгай і багатай гісторыяй ператварыўся ў амаль двухмільённую метраполію. Аднак большая частка насельніцтва Менска не толькі не з’яўляецца ўраджэнцамі сталіцы, але таксама паходзіць з іншых краін постсавецкай прасторы. Гэта выклікала недахоп культурнай і грамадскай еднасці, збядненне рэлігійных і нацыянальных традыцый, ананімнасць. Хоць пасля ўпадку СССР прайшло ўжо амаль 20 гадоў, многія жыхары Менска да гэтай пары ментальна застаюцца «савецкімі людзьмі».

 

У даследаваннях, якія праводзіліся ў перыяд з красавіка па май 2006 г., прынялі ўдзел 1171 юнакоў і дзяўчат з 17 менскіх сярэдніх школ розных раёнаў горада. Пасля анкетавання, як адзначае ў працы кс. Сяргей Пекачоў, можна «з задавальненнем сцвярджаць, што ўсе маладыя людзі сур’ёзна падышлі да даследаванняў. Ніхто з прысутных у класах не адмовіўся запаўняць анкеты». У апрацоўцы анкет даследчыку дапамог Інстытут статыстыкі Каталіцкага Касцёла SAC.

 

«Вынікі даследаванняў дазваляюць убачыць працэсы, якія адбываюцца ў беларускім грамадстве, — чытаем у дысертацыі. — З аднаго боку, відавочна вялікае ігнараванне рэлігійных каштоўнасцяў, што ў большай ступені з’яўляецца вынікам шматгадовай камуністычнай барацьбы з рэлігіяй. З іншага боку, назіраем рэлігійную абыякавасць, уласцівую для спажывецкіх, ліберальных грамадстваў Захаду, якія не ставяць перад сабою пытанняў пра Бога і рэлігію. Падобна Захаду можна заўважыць рэлятывісцкую пазіцыю адносна рэлігіі і праўды як такой. Аднак з іншага боку ў моладзі з Менска назіраецца адкрытасць на свет каштоўнасцяў. Выразна відаць, што рэлігія з’яўляецца для іх пазітыўнай з’явай, нават калі яны не могуць даць дакладнае азначэнне, чым для іх з’яўляецца вера і ў што канкрэтна яны вераць».

 

Якая моладзь жыве ў сталіцы Беларусі?

 

Большасць маладых людзей Менска — праваслаўныя вернікі (79%), прыналежнасць да каталіцкага веравызнання падчас анкетавання адзначылі 7,9% апытваемых. Веруючымі сябе назвалі 40% рэспандэнтаў.

 

Паводле меркавання 40,4% удзельнікаў анкетавання, вера паслабляе ўплыў асяроддзя на асобу, у той жа час 33,3% адзначылі, што вынікам гэтай з’явы з’яўляецца павелічэнне ўплыву навукі. Палова (50,0%) лічыць, што рэлігійнасць не патрабуе пастаяннага кантакту з Царквою як інстытутам.

 

 Як выглядаюць рэлігійныя практыкі моладзі?

 

 1. Толькі 5,4% апытваемых з’яўляюцца практыкуючымі вернікамі. Сярод праваслаўных — гэта 4,0% маладых людзей, сярод католікаў — 15,7%.

 

2. На працягу мінулага года ў кожнай нядзельнай святой Імшы прымалі ўдзел 2,4% рэспандэнтаў (1,1% праваслаўных, 9,0% католікаў); выключна ў вялікія святы — кожны трэці з апытваемых (28,3%). У нядзельнай літургіі не ўдзельнічалі 34,9% праваслаўных, 21,3% католікаў.

 

3. Нядзельная святая Імша для 7,7% мінскай моладзі з’яўляецца выкананнем царкоўных (касцёльных) абавязкаў, для 16,5% — выкананнем наказу сумлення.

 

4. Да сакрамэнту пакаяння і паяднання 56,2% ніколі не прыступалі, 15,2% прыступаюць раз у некалькі гадоў, 10,5% некалькі разоў у год. Да сакрамэнту пакаяння і паяднання не прыступаюць 54,8% праваслаўнага веравызнання, 44,9% рыма-каталіцкага веравызнання.

 

5. Да святой Камуніі не прыступала 48,2% апытваемых, 17,7% прыступалі некалькі гадоў таму. Да святой Камуніі не прыступала 46,7% асоб праваслаўнага веравызнання, 40,4% асоб рыма-каталіцкага веравызнання.

 

6. Кожная чацвёртая асоба малілася толькі ў самыя важныя моманты свайго жыцця. У нядзелю моліцца 0,9% моладзі, штодзённа — 12,1%. Ніколі не маліліся 32,0% юнакоў, 17,0% дзяўчат. Кожны дзень моліцца больш дзяўчат (15,1%), чым юнакоў (1%).

 

 Як фарміруецца вобраз рэлігійнасці ў моладзі Менска?

 

1. Сексуальныя адносіны да прыняцця сакрамэнту сужэнства, які ўдзяляе Касцёл, моладзь ацаніла наступным чынам: дапушчальна — 63,0%, залежыць ад пэўных фактараў — 24,3%, недапушчальна — 6,7%. Сексуальныя адносіны да шлюбу, які ўдзяляе Касцёл, лічаць дапушчальнымі: 41,4% глыбокаверуючых; 60,7% веруючых; 66,3% асоб, якія лічаць сябе хрысціянамі; 63,1% асоб, абыякавых да рэлігіі; 69,1% няверуючых. Сужэнскую здраду ацанілі наступным чынам: дапушчальна — 9,0%, залежыць ад пэўных фактараў — 31,2%, недапушчальна — 52,2%.

 

2. Магчымасць разводу: дапушчальна — 31,3%, залежыць ад пэўных фактараў — 49,5%, недапушчальна — амаль кожны дзесяты (12,0%).

 

3. Гомасексуальныя саюзы кожны пяты рэспандэнт (19,6%) лічыць дапушчальнымі, кожны дзесяты (10,8%) лічыць, што «гэта залежыць». Палова моладзі (54,0%) аб’явіла недапушчальнымі такія саюзы.

 

4. Ужыванне кантрацэптыўных сродкаў дапускаюць 61,4% рэспандэнтаў, кожная чацвёртая асоба (23,7%) лічыць, што «гэта залежыць ад сітуацыі», і толькі 8,0% апытваемых не дапускаюць магчымасці іх ужывання.

 

5. Перарыванне цяжарнасці акцэптуе кожны дзесяты рэспандэнт (13,0%), практычна палова (42,2%) лічыць, што гэта залежыць ад сітуацыі, 38,3% моладзі супраць забойства ненароджаных дзяцей.

 

6. Эўтаназію лічыць дапушчальнай кожная чацвёртая асоба (25,6%), перарыванне жыцця «ў залежнасці ад сітуацыі» акцэптуе 38,9% рэспандэнтаў, кожная пятая маладая асоба (21,6%) не згаджаецца з перарываннем жыцця па просьбе самога пацыента.

 

Такім чынам, у Беларусі сям’я, на жаль, для большасці маладых людзей не з’яўляецца здаровым рэлігійным асяроддзем, калыскаю веры. Моладзь не знаходзіць у сям’і сапраўдных сведкаў веры. Аднак, нягледзячы на крызіс сям’і, бачна, што моладзь спрабуе шукаць шляхі да Бога. Вельмі часта гэтыя пошукі маюць індывідуальны характар, г. зн. па-за межамі Касцёла, як інстытута. Даследаванні выявілі вялікі дэфіцыт духоўнага жыцця ў фарміраванні індывідуальнасці маладых людзей. Заўважальнаю таксама з’яўляецца колькасць асоб абыякавых да Касцёла як інстытута. 50,0% рэспандэнтаў лічыць, што можна быць рэлігійным без Касцёла або Царквы.

 

Падсумоўваючы праведзенае даследаванне, ксёндз дае некалькі прапановаў адносна адукацыйна-выхаваўчай працы з менскай моладдзю:

 

1. маючы на ўвазе нізкі ўзровень рэлігійных практык сярод моладзі, неабходна выкарыстоўваць для яе евангелізацыі сродкі масавай камунікацыі. Неабходна распрацаваць методыку і спосабы евангелізацыі на аснове сітуацыі, якая склалася ў Мінску. Недастаткова браць пад увагу прыклад іншых краін, трэба распрацоўваць уласныя, адаптаваныя да спецыфікі асяроддзя;

 

2. распрацоўка дадзеных праграм павінна базавацца на магчымасцях сучаснай інфармацыйнай тэхнікі. Асаблівае месца тут удзелена менавіта інтэрнэту, які ў Беларусі яшчэ не выкарыстоўваецца ў поўнай меры. Недастаткова наяўнасці інфармацыйных парталаў, трэба засяродзіцца на стварэнні форумаў, блогаў і інш., якія прадугледжваюць актыўны, а не толькі пасіўны удзел карыстальніка;

 

3. пры падрыхтоўцы душпастырскіх планаў для парафій неабходна браць пад увагу асаблівасці, абумоўленыя месцам і часам. Евангелізацыя не будзе плённай, калі не ўлічваць спецыфікі парафіі. Моцная, добра арганізаваная парафія — гэта надзея на плённую евангелізацыю моладзі. 

Навіны па тэме