У БЕЛАРУСІ ЗАРЭГІСТРАВАНА 102 ВЫПАДКІ ЗАХВОРВАННЯ НА СВІНЫ ГРЫП

09.11.2009, 09:21  |  Навіны, Грамадства

Пра гэта паведаміла 8 лістапада ў эфіры Першага канала намеснік міністра аховы здароўя — галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Валянціна Качан.

 

Паводле яе слоў, у апошнія дні колькасць зваротаў грамадзян у сувязі з захворваннем на грып і ВРВІ скарацілася на 4—25% у залежнасці ад населеных пунктаў. "Разам з тым у асобных рэгіёнах сітуацыя застаецца пакуль напружанай", — адзначыла Качан.

 

"На фоне усіх вірусаў, якія мы сёння лабараторна пацвярджаем у тых, хто забалеў, у 102 выпадках, гэта тры сотых працэнта, назіраецца вылучэнне віруса грыпа А (H1N1)", — паведаміла намеснік міністра.

 

Яна падкрэсліла, што ў Мінску назіраецца "асаблівая сітуацыя", але "яна кантралюемая, і сёння нават у гэтым горадзе мы назіраем зніжэнне зваротаў грамадзян з нагоды гэтых захворванняў, прымаюцца ўсе захады".

 

Паводле інфармацыі Качан, назіраецца зніжэнне захворвання на вострыя рэспіраторныя інфекцыі сярод дзяцей. "Эфект разлучэння, у прыватнасці, працяг канікул, прыпыненне працы школ даў сёння, увогуле, добры эфект, і ў сувязі з гэтым мы прагназуем, што гэтая сітуацыя будзе стабілізавацца. Зніжэнне адбылося практычна з 56% да 39% ад агульнай колькасці хворых сярод дзяцей і дарослых", — заявіла галоўны дзяржаўны санітарны ўрач.

 

Качан паведаміла, што зараз прыпынена праца амаль 1.400 навучальных устаноў, у іх абвешчаны каранцін. Гэтыя захады прымаюцца на месцах "тэрытарыяльнымі органамі выканаўчай улады па прадстаўленні санэпідслужбы і па ўзгадненні з Міністэрствам аховы здароўя".

 

Міністэрства, паводле слоў Качан, рэкамендавала надаць асаблівую ўвагу "прадухіленню захворванняў сярод цяжарных і дзяцей". "У сувязі з гэтым у цяперашні час іх ацэнка стану і планавыя кансультацыі праводзяцца дома", — адзначыла Качан.

 

На 4 лістапада было лабараторна пацверджана 85 выпадкаў свінога грыпу, на 1 лістапада — 59, на 30 кастрычніка — 39. У сямі памерлых ад пнеўманіі вылучаны вірус А (H1N1).

 

 

Крыніца: БелаПАН

Навіны па тэме