ТАДЭВУШ КАНДРУСЕВІЧ: ДЛЯ ПЕРААДОЛЕННЯ НЕГАТЫЎНЫХ З'ЯЎ СВЕТ МАЕ ПАТРЭБУ Ў ДЫЯЛОГУ

10.11.2009, 19:47  |  Навіны, Грамадства

Усё больш людзей разумеюць, што для пераадолення негатыўных з'яў сучасны свет мае патрэбу ў дыялогу і талерантнасці паміж дзяржавамі, эканамічнымі сістэмамі, культурамі і сусветнымі  рэлігіямі. Пра гэта заявіў архіепіскап мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч, выступаючы 10 лістапада ў Мінску на міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай хрысціянска-іудзейскаму дыялогу.

 

Паводле яго слоў, у 1965 годзе на II Ватыканскім саборы была прынята дэкларацыя Nostra aetate, у якой, у прыватнасці, гаворыцца пра агульную духоўную спадчыну хрысціян і іудзеяў, прынцыповую непрымальнасць калектыўнай адказнасці іудзеяў за смерць Хрыста, а таксама пра тое, што іудзеі не могуць лічыцца адрынутымі Богам. Гэты дакумент адкрыў новую эру ў адносінах каталіцкай царквы з нехрысціянскімі рэлігіямі, бо прызнаў наяўнасць у іншых рэлігіях, і асабліва ў іудаізме, духоўных і маральных даброт, а таксама сацыяльна-культурных каштоўнасцяў, сказаў архіепіскап.

 

Сёння, як адзначыў архіепіскап, дэкларацыя набыла яшчэ большую актуальнасць, паколькі свет усё часцей сутыкаецца з небяспечнымі выклікамі, справіцца з якімі можна з дапамогай усведамлення рэлігійных каштоўнасцяў, узаемаразумення, дыялогу і талерантнасці паміж дзяржавамі, эканамічнымі сістэмамі, культурамі і сусветнымі рэлігіямі. У сувязі з гэтым Кандрусевіч адзначыў важнасць стварэння ў 2009 годзе Грамадскага савета па маралі ў Беларусі, куды разам з грамадскімі дзеячамі ўвайшлі прадстаўнікі праваслаўя, каталіцызму, лютэранства, іудаізму і ісламу.

 

Старшыня Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб'яднанняў і абшчын Леанід Левін лічыць неабходным увесці кароткую гісторыю іудаізма ў адукацыйныя праграмы школ, а курс увядзення ў хрысціянства — у праграму яўрэйскіх навучальных устаноў.

 

Сакратар па пытаннях экуменізму і міжрэлігійнага дыялогу епархіі Бозен-Брыксен (Італія) святар Марыо Грэтэр распавёў аб вопыце хрысціянска-іудзейскага дялогу ў Садзе рэлігій, адкрытым у чэрвені 2008 года. Паводле яго слоў, у садзе, дзе ўстаноўлены знакі зямных стыхій, сімвалы і малітоўнікі розных рэлігій, сустракаюцца і палемізуюць людзі многіх веравызнанняў, а хрысціяне і іудзеі адкрываюць агульныя біблейскія карані сваёй духоўнасці.

Крыніца: БелаПАН

Навіны па тэме