ЕЎРАРАДЫЁ ЗМОЖА МЕЦЬ КАРПУНКТ У БЕЛАРУСІ

12.11.2009, 18:02  |  Навіны, Палітыка

Еўрарадыё атрымала дазвол на акрэдытацыю карпункта ў Беларусі.

Пакуль невядома, колькі чалавек змогуць працаваць у мінскім офісе. Гэтае пытанне, па словах прэзідэнта праўлення Еўрарадыё Дзмітрыя Новікава, вырашыцца ў бліжэйшым часе. Ён адзначыў, што будуць прыкладацца ўсе намаганні, каб офіс у Мінску быў адкрыты як мага хутчэй.

 

У чацвер Еўрарадыё атрымала копію пастановы Савета Міністраў і пасведчанне аб адкрыцці ў Беларусі карэспандэнцкага пункта. Прэзідэнт праўлення Еўрарадыё Дзмітрый Новікаў так пракаментаваў сітуацыю пасля атрымання дакументаў:

 

“Пакуль невядома, колькі чалавек змогуць працаваць у карэспандэнцкім пункце ў Мінску. Гэта самае галоўнае пытанне і зараз мы будзем гэтым займацца, ад гэтага залежыць увогуле ўся наша стратэгія”.

 

Акрэдытацыя толькі на год. Што гэта магло б значыць?

 

Дзмітрый Новікаў: “Я думаю, што гэта магчымасць нам паказаць, што нас можна абмежаваць. У кожны момант нас можна спыніць”.

 

Калі ж будзе адкрыты офіс?

 

Дзмітрый Новікаў: "Як толькі будуць з нашага боку выкананыя ўсе юрыдычныя фармальнасці. Гэта адкрыццё рахунку, арэнда офіса пад карэспандэнцкі пункт, рэгістрацыя ў падатковай інспекцыі і гэтак далей. Па законе, наколькі я ведаю, гэта дазваляецца да паловы года рабіць. Але, вядома ж, мы будзем рабіць усё магчымае бліжэйшым часам… Я не ведаю, можа, месяц".

Крыніца: "Еўрарадыё"

Навіны па тэме