СЕВЯРЫНЕЦ: МІНЮСТ СВЯДОМА ХЛУСІЦЬ

12.11.2009, 18:43  |  Навіны, Палітыка

Лідэр БХД Павал Севярынец пракаментаваў сённяшнюю заяву начальніка ўпраўлення грамадскіх аб’яднанняў Міністэрства юстыцыі Алега Сліжэўскага наконт вельмі простай працэдуры рэгістрацыі партый у Беларусі. “Сёння, калі дакументы адпавядаюць заканадаўству, зарэгістраваць партыю абсалютна нескладана. У межах закону цягам аднаго месяца прымаецца рашэнне”, - сказаў Сліжэўскі.

 

- Словы спадара Сліжэўскага пра тое, што зарэгістраваць партыю ў Беларусі нескладана, ёсць свядомай хлуснёй. Усе цудоўна ведаюць, што за апошнія 9 гадоў у Беларусі не была зарэгістраваная ніводная партыя. І не таму, што партыі не спрабавалі. Спрабавалі. Шмат разоў падавалі дакументы на рэгістрацыю. Чаму не рэгістравалі? Таму што было прынятае рашэнне: апроч тых партыяў, што ёсць (маўляў, неабходны мінімум), ніякіх іншых не рэгістраваць, - заявіў сустаршыня “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі” Павал Севярынец.

 

- У першую чаргу, гаворка ідзе пра партыю “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”. Мы падавалі дакументы на рэгістрацыю ўвесну гэтага года (усе памятаюць тыя надуманыя прычыны, па якіх нам адмовілі) і падаем зараз. Але яшчэ да падачы дакументаў КДБ і міліцыя пачалі ціск на людзей, на прадпрыемствах прымушаюць да выбару: альбо праца, альбо БХД. Безумоўна, гэта беззаконне. Таму і рашэнне аб рэгістрацыі БХД, калі яно будзе прынятае, стане не юрыдычным, а чыста палітычным. Мы гэта цудоўна разумеем.

 

Крыніца: "МЫ"

Навіны па тэме