ЯЦЭК ПРАТАСЕВІЧ: ПОЎНАЯ АДМЕНА САНКЦЫЙ БУДЗЕ ЗАЛЕЖЫЦЬ АД РЭАЛЬНЫХ ЗМЯНЕННЯЎ У ПРАВЯДЗЕННІ ВЫБАРАЎ

14.11.2009, 17:38  |  Навіны, Палітыка

Крытэрыем у пытанні поўнай адмены санкцый у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў будуць служыць рэальныя змяненні ў правядзенні выбараў. Пра гэта падчас Беларускага еўрапейскага форуму 14 лістапада ў Мінску заявіў дэпутат Еўрапарламента Яцэк Пратасевіч.

 

Паводле яго слоў, прыпыненне на паўгода візавых абмежаванняў у дачыненні да чыноўнікаў накіравана на тое, каб "адкрыць акно магчымасцяў для Беларусі". Пытанне аб прадаўжэнні дзеяння санкцый будзе разгледжана пасля шасцімесячнага выпрабавальнага тэрміну.

 

Пратасевіч адзначыў, што ў гэты перыяд у Беларусі адбудуцца мясцовыя выбары. "Калі гэтыя выбары пройдуць паспяхова і будуць прызнаны міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, ЕС можа зняць санкцыі цалкам", — сказаў дэпутат Еўрапарламента.

 

Аднак ён зазначыў, што Еўропа чакае ад беларускіх улад рэальных змяненняў выбарчага заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі.

 

"Нам недастаткова таго, каб Лукашэнка сказаў Ярмошынай памяняць заканадаўства. Недастаткова таго, што праект гэтага закона будзе перададзены ў парламент. Нам патрэбны рэальныя змяненні", — сказаў Пратасевіч.

 

Кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю паведаміў дэлегатам форуму, што не толькі Беларусь мае патрэбу ў Еўропе, але і ЕС — у Беларусі. "Няпраўда, што Еўрасаюз дыктуе і навязвае вялікія патрабаванні Беларусі. Мы нічога не дыктуем. Але мы чакаем, што беларускаму народу будзе дадзена больш свабоды, у краіне будзе больш павагі да правоў чалавека", — сказаў ён.

 

Старшыня Еўрапарламента Ежы Бузек у відэазвароце да дэлегатаў Беларускага еўрапейскага форуму заявіў, што У будучыні Беларусь будуць звязваць з Еўропай самыя цесныя сувязі.

 

Паводле яго слоў, Беларусь "з'яўляецца еўрапейскай дзяржавай, часткай еўрапейскай сям'і". "Ваша гісторыя, каштоўнасці — найлепшае гэтаму пацвярджэнне", — сказаў Бузек. Пры гэтым ён адзначыў, што "рух Беларусі да дэмакратыі, выканання правоў чалавека пакуль недастатковы".

 

Пасол Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан на адкрыцці мерапрыемства заявіў, што бачыць у правядзенні Беларускага еўрапейскага форуму спосаб аб'яднаць прыхільнікаў ідэі збліжэння Беларусі з Еўропай. "У Беларусі ёсць шмат людзей, якія бачаць сваю краіну ў Еўрасаюзе. Яны ёсць і ва ўладзе, і ў бізнесе, і сярод звычайных людзей", — падкрэсліў ён.

 

Дэпутат Еўрапарламента Вітаўтас Ландсбергіс у відэазвароце да ўдзельнікаў форуму паведаміў, што бачыць ролю Беларусі ў пабудове моста паміж Еўрасаюзам і Расіяй. "У гэтым можа праявіцца гістарычная місія беларускага народа", — лічыць ён.

 

Як паведамілі арганізатары мерапрыемства, на форуме не змог прысутнічаць член камітэта па міжнародных справах сейма Літвы Эмануэліс Зінгерыс, якому не ўдалося атрымаць беларускую візу.

Крыніца: БелаПАН

Навіны па тэме