ПЕНСІЯНЕР АБСКАРДЖВАЕ ЗАБАРОНУ ПІКЕТА СУПРАЦЬ АБЫЯКАВАСЦІ ЧЫНОЎНІКАЎ

19.11.2009, 16:00  |  Навіны, Грамадства

73-гадовы Павел Казлоў 19 лістапада накіраваў скаргу ў судовую калегію па грамадзянскіх справах Брэсцкага абласнога суда.

 

Як паведаміў праваабаронца Раман Кісляк, у ёй пенсіянер абскарджвае рашэнне суда Ленінскага раёна Брэста, які палічыў правамерным забарону гарвыканкамам пікета "супраць абыякавасці чыноўнікаў да зваротаў грамадзян". Такое рашэнне раённы суд вынес 9 лістапада.

 

Паводле слоў праваабаронцы, пенсіянер перакананы, што яму было адмоўлена ў правасуддзі. На яго думку, суд заняў бок гарвыканкама, яго рашэнне вынесена з парушэннем адпаведных норм заканадаўства і падлягае адмене.

 

Павел Казлоў падаваў заяўку ў Брэсцкі гарвыканкам на правядзенне пікета 27 верасня. Ён хацеў прыцягнуць увагу жыхароў горада да праблемы, на яго думку, абыякавага стаўлення чыноўнікаў да зваротаў грамадзян, а таксама парушэнняў з іх боку заканадаўства аб зваротах грамадзян.

 

Падставай для публічнага выказвання свайго меркавання паслужылі 50 накіраваных Казловым зваротаў у розныя інстанцыі аб неправамерым, на яго погляд, рашэнні Міністэрства юстыцыі, на падставе якога ён у 2008 годзе быў пазбаўлены ліцэнзіі на правядзенне аўтатэхнічных экспертыз (ацэнка транспартных сродкаў). Прычынай пазбаўлення паслужыла тое, што Казлоў два разы аказаў аднаму з судоў Брэста экспертную паслугу, не названую ў ліцэнзіі. Пры гэтым заканадаўствам прадугледжваецца, што суд сваёй пастановай можа прыцягваць да такіх работ на разавай аснове грамадзян без ліцэнзіі, якія маюць спецыяльныя веды.

 

Усе яго звароты, лічыць Казлоў, па сутнасці не разглядаліся чыноўнікамі, а накіроўваліся ў іншыя арганізацыі. У выніку яны траплялі для разгляду ў орган, які пазбавіў яго ліцэнзіі.

 

Мясцовыя ўлады забаранілі правядзенне гэтага пікета на той падставе, што згодна з заяўкай яго планавалася правесці не ў месцы, вызначаным для такіх мерапрыемстваў, якім з'яўляецца стадыён "Лакаматыў".

 

Як перакананы Павел Казлоў, праводзіць там публічныя акцыі не мае сэнсу, бо прыцягнуць увагу грамадскасці ў бязлюдным месцы немагчыма.

 

"У выпадку адмовы ў абласным судзе Казлоў мае намер накіраваць скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека і ажыццявіць іншыя дзеянні па спыненні практыкі абыякавага стаўлення чыноўнікаў да зваротаў грамадзян", — падкрэсліў Кісляк.

Крыніца: БелаПАН

Навіны па тэме