ЕЎРАПАРЛАМЕНТ ЧАКАЕ АД БЕЛАРУСКІХ УЛАДАЎ РЭГІСТРАЦЫІ БХД

20.11.2009, 16:13  |  Навіны, БХД, Палітыка

Лідэр “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі” Павал Севярынец каментуе вынікі сустрэчаў дэлегацыі беларускай апазіцыі ў Еўрапарламенце і Еўракамісіі падчас візіту 17-18 лістапада ў Брусель.

 

- Па-першае, вынікам Брусельскага саміту для Беларусі трэба назваць рашэнне Рады Еўразвязу па Беларусі аб тым, што ўвядзенне санкцый і іх прыпыненне працягнута яшчэ на год. Рашэнне адзіна слушнае для Беларусі, - зазначыў у інтэрв’ю прэсавай службе БХД Павал Севярынец. - Яно, па-першае, падкрэслівае недастатковасць дэмакратычных пераменаў. Па-другое, дае шанец рэжыму гэтую сітуацыю паправіць. Згаданая сітуацыя вакол нерэгістрацыі палітычных партый, вакол палітвязняў, вакол выбарчага заканадаўства, гэта – яшчэ адзін напамін сённяшнім уладам: вырашэння якіх пытанняў чакае Еўропа ад беларускага кіраўніцтва.

 

Дэталізуе гэтыя патрабаванні рэзалюцыя Еўрапарламенту, якая мае быць прынятая на наступным тыдні ў Стразбурзе. Мы азнаёміліся з праектам гэтай рэзалюцыі, у ім сярод іншых утрымліваюцца патрабаванні зарэгістраваць “Беларускую Хрысціянскую Дэмакратыю” і вырашыць сітуацыю вакол царквы “Новае Жыццё”.

 

Апроч гэтага, мы сустрэліся з кіраўніцтвам, Еўрапейскай Народнай Партыі, дэлегацыі па сувязях з Беларуссю, з кіраўніцтвам найбуйнейшых фракцый Еўрапарламенту.

 

Сустаршыні БХД атрымалі запрашэнне на Кангрэс Еўрапейскай Народнай Партыі ў Бон.

 

Абмяркоўвалі пытанне зніжэння коштаў візаў для Беларусаў. Гэтае важнае пытанне зрушылася. Зараз ідзе абмеркаванне, як знізіць кошт з 60 да 35 еўра. Некалькі папярэдніх нашых сустрэчаў, падчас якіх мы казалі пра танныя візы для беларусаў, нарэшце даюць плён: еўрапейцы і афіцыйныя ўлады пачынаюць гэту праблему вырашаць.

 

Мы інфармавалі еўрадэпутатаў і кіраўнікоў Еўрапарламенту пра тыя факты рэпрэсій на заснавальнікаў БХД, які мелі месца непасрэдна ў апошнія дні.

Навіны па тэме