ЛІТВА ЎПЭЎНЕНА: БЕЛАРУСЬ У ЕЗ ПАВІНЕН ПРАДСТАЎЛЯЦЬ НЕ ТОЛЬКІ РЭЖЫМ

23.11.2009, 15:09  |  Галоўныя навіны, Навіны

Сустаршыня «Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі» Віталь Рымашэўскі ўзяў удзел у канферэнцыі «Ініцыятыва « Усходняе партнёрства» у дачыненні да Беларусі: роля Літвы». Падчас канфернцыі лідэры Беларускага Незалежніцкага Блоку, праваабаронцы і эксперты абмяркавалі з сябрамі Літоўскага Сейма, еўрадэпутатамі, прадстаўнікамі Міністэрства замежных спраў Літвы магчымы фармат ўдзелу Беларусі і Літвы ў рабоце Парламенцкай асамблеі ЕЗ-Усходнія суседзі (EURO-NEST PA).

 

Канферэнцыя, арганізатарам якой выступіла БХД сумесна з сваімі літоўскімі калегамі –партыяй «Саюз Айчыны. Літоўскія хрысціянскія дэмакраты», прайшла 20 лістапада ў Літоўскім Сейме ў Вільнюсе. З Беларускага боку ўдзел у ёй узялі таксама лідэр Руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, лідэр АГП Анатоль Лябедзька, лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалай Статкевіч, былы кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін і шэраг іншых палітыкаў, палітолагі, прадстаўнікі незалежных СМІ, праваабарончых арганізацый, экспертнай супольнасці.З літоўскага боку – старшыня Камітэта Сейма Літвы па замежных справах Аудроніс Ажубаліс, старшыня групы Сейма па сувязях з Рэспублікай Беларусь Юсцінас Каросас, прадстаўнікі дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю, Міністэрства замежных спраў, літоўскія сябры Еўрапарламенту.

 

Выступаючы на канферэнцыі старшыня Камітэта Сейма Літвы па замежных справах Аудроніс Ажубаліс заявіў, што Літва выступае за тое, каб у працы Парламенцкай асамблеі Ўсходняга партнёрства EURO-NEST PA прадстаўлялі не толькі афіцыйныя асобы, але і прадстаўнікі дэмакратычных сілаў.

 

«Мы катэгарычна за тое, каб ва Ўсходнім пратнёрстве Беларусь прадстаўлялі не толькі афіцыйныя асобы цяперашняга рэжыму на парламенцкім узроўні, але таксама на роўных правах прадстаўнікі дэмсілаў, апазіцыі, грамадства», - сказаў спадар Ажубаліс.

 

Паводле літоўскага палітыка, важна каб дэмакратычныя сілы «ўмацаваліся» у праграме «Усходняга партнёрства» нароўні з афіцыйным Менскам і прадстаўлялі беларускае грамадства.

 

А.Ажубаліс таксама адзначыў, што Рада ЕЗ па знешніх сувязях на 19-20 кастрычніка зацвердзіла па гэтым пытанні пункт, які замацоўвае права на неабходнасць удзелу апазіцыі ў ініцыятыве «Усходняга партнёрства» і яе парламенцкім вымярэнні.

 

Амбасадар МЗС Літвы па асаблівых даручэннях Жыгімантас Павіленіс, кажучы аб перспектывах удзелу Беларусі ў праграме «Усходняга партнёрства», адзначыў высокія шанцы нашай краіны. У той жа час дыпламат прама даў зразумець, што «праз тое акенца, якое адкрыта зараз, патрапяць не ўсе і не хутка».

 

«Калі сур'ёзныя рэформы сапраўды пачнуцца, то эфект быў бы дасягнуты. Для таго, каб гэта адбылося, рэформы павінны быць сур'ёзнымі. Падмануць ЕС, гандлявацца, штосьці ў абмен атрымаць, немагчыма. Гэта сур'ёзны і аб'ектыўны механізм. І тое, што тут сядзіць адзіны бок, а іншы не сядзіць - гэта дрэнна. Уся Беларусь павінна згуртавацца, рука аб руку працаваць, каб перспектыва была б рэалізавана».

 

На яго думку, наступны год для праграмы «Усходняе партнёрства», да якой падключылася Беларусь, можа стаць «годам выкліку», бо адчуваецца пэўнае расчараванне ва ўсходняй палітыцы, слабее ўвага ў праграме.

 

«Калі ў гэты вырашальны год беларуская ўлада не згуртуецца разам з дэмакратычнымі сіламі і не прыступіць да сур'ёзных рэформаў, то я баюся, што шанец будзе страчаны. І гэта адбудзецца вельмі хутка, і расчараванне будзе вялікім».- сказаў падчас дыскусіі ў Сейме спадар Павіленіс.

 

На прэсавай канферэнцыі, што папярэднічала дыскусіі, беларускія палітыкі распавялі аб сучаснай палітычнай сітуацыі ў Беларусі, аб статэгіі новастворанай нацыянальнай беларускай кааліцыі, пра планы БНБ сумесна дзейнічаць на бліжэйшых выбарах, а таксама аб пагрозах для незалежнасці краіны і развіцця дэмакратыі ў Беларусі з боку рэжыму Лукашэнкі і Расеі. Віталь Рымашэўскі ў прыватнасці адзначыў, што ад папярэдніх рухаў, новая кааліцыя адрозніваецца тым, што “у нас ёсць агульныя каштоўнасці, агульнае бачанне будучыні Беларусі. Мы не выступаем супраць некага перасанальна, мы проста ведаем, чаго мы хочам, каб Беларусь была вольнай”.

 

Віталь Рымаашэўскі праінфармаваў літоўскіх парламентарыяў аб праблемах з рэгістрацыяй «Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі» і ўзмацніўшымся ў апошні час ціску на заснавальнікаў партыі з боку ўладаў.

ЛІТВА ЎПЭЎНЕНА: БЕЛАРУСЬ У ЕЗ ПАВІНЕН ПРАДСТАЎЛЯЦЬ НЕ ТОЛЬКІ РЭЖЫМ

Навіны па тэме