У МЕНСКУ ЎШАНАВАЛІ ЭПІМАХ-ШЫПІЛУ

26.11.2009, 10:32  |  Навіны, Грамадства

У Менску прайшоў вечар, прысвечаны 150-годдзю з дня нараджэння дзеяча беларускага адраджэння Браніслава Эпімах-Шыпілы.

 

Вечар "Ён быў сэрцам Беларусі…", прысвечаны 150-годдзю з дня нараджэння дзеяча беларускага нацыянальнага адраджэння Браніслава Эпімах-Шыпілы (1859—1934), прайшоў 25 лістапада ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы.

 

Паводле слоў старшага навуковага супрацоўніка Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук, доктара філалагічных навук Арсена Ліса, у гісторыі беларускай духоўнасці і культуры Эпімах-Шыпіла быў чалавекам, які практычна рэалізоўваў беларускую нацыянальную ідэю, каб беларускі народ усвядоміў сваё месца ў свеце і неабходнасць "нацыянальнага жыцця".

 

Як адзначыў вучоны, Эпімах-Шыпіла стаў прадаўжальнікам справы беларускага асветніка Францішка Багушэвіча. Дом Эпімаха-Шыпілы ў Санкт-Пецярбургу быў адкрыты для землякоў — студэнтаў, удзельнікаў Беларускага навукова-літаратурнага гуртка, сказаў Ліс. Паводле яго слоў, выкладчык Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі, бібліятэкар Санкт-Пецярбургскага універсітэта Эпімах-Шыпіла, які ведаў больш за 20 моваў, адданы беларускай справе працаўнік, быў цэнтрам прыцяжэння беларускай моладзі, многія прадстаўнікі якой сталі палітыкамі, вучонымі, пісьменнікамі і святарамі.

 

Дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка паведаміла, што падрыхтавала да выдання зборнік, куды ўвайшла спадчына вучонага — рукапісы і фотаздымкі, сабраныя ў архівах Мінска, Кіева і Санкт-Пецярбурга.

 

Паводле яе інфармацыі, на сайце "Архівы Беларусі" размешчана інтэрнет-выстава, прысвечаная юбілею Эпімах-Шыпілы. На ёй прадстаўлены аўтографы вучонага, створаная ім "Хрэстаматыя беларускай літаратуры", лісты Язэпу Драздовічу і Янку Купалу. Дырэктар архіва-музея лічыць неабходным устанавіць мемарыяльную дошку на доме ў Санкт-Пецярбургу, дзе жыў Эпімах-Шыпіла.

 

Браніслаў Эпімах-Шыпіла большую частку жыцця пражыў у Санкт-Пецярбургу, дзе стаў адным з арганізатараў і кіраўнікоў беларускага нацыянальнага руху. Па яго ініцыятыве ў 1906 годзе была створана першая легальная беларукая выдавецкая супольнасць "Загляне сонца і ў наша ваконца". Адыграў важную ролю ў жыцці і творчасці Янкі Купалы. З 1925 года рэдактар, у 1927—1929 гадах — старшыня камісіі Інбелкульта па стварэнні слоўніка жывой беларускай мовы. У 1929 годзе перадаў Акадэміі навук Беларусі сваю бібліятэку з пяці тысяч тамоў. 18 ліпеня 1930 года арыштаваны органамі НКУС, 12 верасня 1930 года вызвалены з забаронай на пражыванне ў Менску.

Крыніца: БелаПАН

Навіны па тэме