У МЕНСКУ АДБЫЎСЯ ДЗЕНЬ ДУХОЎНЫХ СУСТРЭЧ

26.11.2009, 18:41  |  Навіны, Грамадства

Сёння, у адзін з апошніх дзён літургічнага года, святары, законнікі і законніцы, якія працуюць у парафіях Менскай вобласці, сабраліся на чарговы дзень духоўных сустрэч. Прыватная і супольная малітва, а таксама сустрэча з арцыпастырам і абмеркаванне душпастырскіх пытанняў адбываліся ў менскай парафіі Святога Яна Хрысціцеля (Серабранкаўскі дэканат).

 

У межах сустрэчы прагучаў даклад кс. Андрэя Стэцкевіча, прысвечаны Году святарства. Прамоўца нагадаў, што гэты год павінен стаць часам унутранага аднаўлення ўсіх святароў, новага адкрыцця прыгажосці і значэння святарства. Акрамя таго, кс. Стэцкевіч адзначыў, што вернікі прагнуць мець добрых святароў, якія павінны быць не толькі добрымі тэолагамі, але і добрымі хрысціянамі. «Святар павінен быць перш за ўсё айцом, гэта значыць тым, у кім можна мець апору і ад каго можна атрымаць падтрымку. Айцец заўсёды з’яўляецца кімсьці, хто дае пачуццё бяспекі», — падкрэсліў дакладчык, адзначаючы неабходнасць стварэння сямейнай супольнасці ў Касцёле і ў святарскім асяроддзі.

 

Што найважнейшае ў жыцці святара? — над такім пытаннем кс. Стэцкевіч заклікаў задумацца прысутнае духавенства. Пры гэтым прамоўца адзначыў: «Святар павінен быць тым, хто на першым месцы паставіў Бога, а не святарства». Падтрымаць жа святара ў яго служэнні, поўным адрачэнняў і самаахвярнасці, можа малітва як духоўных, так і свецкіх асоб. Напрыклад, штодзённаю малітвай канкрэтнага святара альбо законную сястру агортваюць члены апостальскага руху «Маргарытка».

 

На заканчэнне даклада кс. Стэцкевіч нагадаў заклік Святога Айца, звернуты да душпастыраў у Год святарства: святар павінен жыць малітваю і ніколі не адмаўляцца ад непасрэднага кантакту з Езусам.

 

Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які ўзначаліў сустрэчу, падзякаваў кс. Уладзіславу Завальнюку і ксяндзам салезіянам за арганізацыю сімпозіумаў, прысвечаных, адпаведна, евангелізацыі ў сучасным свеце і 150-годдзю дзейнасці салезіянскага таварыства. Такія мерапрыемствы, па словах арцыпастыра, з’яўляюцца адной з формаў катэхізацыі, а таксама спрыяюць больш актыўнаму ўдзелу вернікаў у жыцці Касцёла.

 

Нагадваючы пра надыходзячы Адвэнт — час падрыхтоўкі да Божага Нараджэння, які сёлета распачнецца 29 лістапада, — Мітрапаліт заклікаў духавенства заахвочваць вернікаў, а асабліва дзяцей, да ўдзелу ў раратніх святых Імшах. Іерарх нагадаў пра неабходнасць арганізацыі адвэнтавых парафіяльных рэкалекцый, а таксама аб размяшчэнні у касцёлах або на іх тэрыторыі стаенак, якія таксама з’яўляюцца добрай евангелізацыяй.

 

Наступная пастырская сустрэча, падчас якой адбудзецца дзяленне аплаткам, пройдзе ў менскай архікатэдры 23 снежня.

Навіны па тэме