У КАМІТЭЦЕ ААН ПА ПРАВАХ ЧАЛАВЕКА ЗАРЭГІСТРАВАНА СКАРГА БРЭСЦКАГА ПРЫХІЛЬНІКА БХД

28.11.2009, 09:23  |  Навіны, Грамадства

У Камітэце ААН па правах чалавека зарэгістравана скарга брэсцкага актывіста дэмакратычных сіл Юрыя Бакура. Пра гэта яго праінфармавала Упраўленне вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека.

 

Паводле праваабаронцы Рамана Кісляка, актывіст дэмсіл накіраваў зварот у камітэт у ліпені 2008 года, пасля марных спроб абскардзіць пастанову суда Маскоўскага раёна Брэста ў вышэйшых інстанцыях.

 

У верасні 2007 года суд прызнаў Бакура вінаватым на падставе ч. 1 арт. 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (удзел у правядзенні несанкцыянаванага мерапрыемства) і аштрафаваў на тры базавыя велічыні (93 тыс. рублёў).

 

Актывіст быў затрыманы ў жніўні 2007 года ў офісе абласной арганізацыі Партыі БНФ, дзе праходзіла адкрытае пасяджэнне рады гарадской арганізацыі партыі. У межах пасяджэння праводзілася сустрэча з апазіцыйным палітыкам Паўлам Севярынцам і прэзентацыя яго кнігі "Лісты з лесу".

 

У звароце ў Камітэт ААН па правах чалавека Бакур адзначае, што лічыць сваё затрыманне і прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці незаконным і расцэньвае іх як спробу пакараць за яго "нязручныя для ўлады палітычныя погляды" і прымусіць адмовіцца ад грамадзянскай пазіцыі.

 

Бакур звяртае ўвагу на грубыя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі падчас спынення сходу, якія, як лічыць аўтар звароту, парушаюць яго правы, прадугледжаныя артыкулам 7 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

 

"У выпадку прызнання камітэтам парушэння правоў у дачыненні да Юрыя Бакура, дзяржаўным органам Беларусі давядзецца скарэктаваць сваю практыку і ў падобных выпадках не затрымліваць без дастатковых падстаў грамадзян, якія знаходзяцца на мірных сходах", — пракаментаваў сітуацыю праваабаронца.

Крыніца: БелаПАН

Навіны па тэме