ШВЕЙЦАРЦЫ ЗАБАРАНІЛІ МІНАРЭТЫ

30.11.2009, 10:19  |  Навіны, Свет

Вынікі рэферэндуму ў Швейцарыі, на якім была ўхвалена забарона на будаўніцтва новых мінарэтаў, выклікалі радасць у стане правых і заклапочанасць ўрада краіны. У падтрымку забароны на будаўніцтва выказаліся 57,5% швейцарцаў, якія прынялі ўдзел у рэферэндуме — больш, чым абяцалі прагнозы.

 

Вальтэр Вобман, дэпутат ад швейцарскай Народнай партыі, не хавае сваёй радасці: «Такія мы, швейцарцы! Звычайна швейцарац не выказвае сваёй радасці адкрыта, і нават перамогу святкуе сціпла. Але зараз мы так цешымся гэтым вынікам».


Міністр замежных спраў Швейцарыі Мішэлін Калмі Рэй кажа:

 

«Не думаю, што сённяшнія вынікі накіраваныя супраць мусульманскай суполкі ў цэлым. На выніках галасавання несумненна адбіліся засцярогі, звязаныя з распаўсюдам экстрэмізму і ісламскага фундаменталізму».


Забарона на будаўніцтва мінарэтаў [не мячэтаў] не прайшла толькі ў 4‑х з 26‑ці кантонаў краіны. Швейцарскія мусульмане занепакоеныя, паведамляе euronews.net.

 

«Гэты закон — сапраўдная дыскрымінацыя! Швейцарыя — мая краіна, але я яе больш не пазнаю», — кажа Люсія Дахлаб з Саюза мусульманскіх арганізацый Жэневы.

 

У Берне праціўнікі забароны на будаўніцтва новых мінарэтаў выказалі сваё абурэнне акцыяй пратэсту. «Гэта не мая Швейцарыя!» — напісана на плакатах.

 

У Швейцарыі цяпер пражывае каля 300 тысяч мусульман, у асноўным выхадцы з Босніі, Косава і Турцыі.

 

Федэральная канстытуцыя Швейцарыі гарантуе грамадзянам свабоду веравызнання. Аднак прыхільнікі забароны будаўніцтва лічаць, што мінарэты выводзяць служэнне культу з прыватнай сферы ў сферу грамадскую.

Крыніца: "Наша Ніва"

Навіны па тэме