БЕЛАРУСЬ НАВЕДАЎ ПРЭМ’ЕР МІНІСТР ІТАЛІІ СІЛЬВІЁ БЕРЛУСКОНІ

30.11.2009, 21:39  |  Навіны, Палітыка

Калі не браць у разлік візіты ў нашу краіну расійскіх прэзідэнтаў, то гэта першы прыезд у Мінск за часамі Лукашэнкі кіраўніка краіны, якая ўваходзіць у «вялікую восемку». За часамі Шушкевіча сталіцу Беларусі наведваў прэзідэнт ЗША Біл Клінтан.

 

Адразу па прыездзе ў Мінску Берлусконі накіраваўся ў рэзідэнцыю Лукашэнкі на перамовы. «Вашае рашэнне наведаць Беларусь з візітам мае фундаментальнае значэнне для развіцця далейшага супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі. Мы ўспрымаем прыезд італьянскага кіраўніка не толькі ў перспектыве двухбаковых адносін, але і як жэст падтрымкі Беларусі на міжнароднай арэне», — сказаў Лукашэнка.

 

«Ваш народ вас любіць, аб чым сведчаць вынікі выбараў», — сказаў Сільвіё Берлусконі Лукашэнку пасля завяршэння перамоваў.

 

Лукашэнка заявіў, што Беларусь і Італія адкрылі новы этап партнёрства, «фундаментам якога з’яўляецца ўзаемапаважлівы, шчыры і зацікаўлены дыялог».


«Мы можам зрабіць у нашых адносінах нашмат, нашмат болей», — сказаў кіраўнік Беларусі.

 

Сярод канкрэтных дамоваў — урад Беларусі і італьянская «Фінмеканіка С.П.А.» падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве ў сферы транспарту, энергетыкі, космасу, бяспекі і сістэм бяспекі.

 

«Беларусь гатова да супрацоўніцтва з Італіяй ва ўсіх сферах. Закрытых для абмеркавання тэм няма», — падкрэсліў Лукашэнка.

«Наша сустрэча дасць выразны палітычны сігнал да пачатку больш актыўнай працы ўрадаў, міністэрстваў, ведамстваў і зялёнае святло рэалізацыі сумесных праектаў», — адзначыў ён.

 

Берлусконі ж выказаў радасць з нагоды стварэння Мытнага саюзу Беларусі, Казахстану і Расіі. «Гэта будзе велізарны рынак, куды мы зможам пастаўляць прадукцыю нашых сумесных прадпрыемстваў», — сказаў прэм’ер‑міністр.

 

Увогуле, па выказваннях магло скласціся ўражанне, што перамовы адбываюцца не з кіраўніком краіны ЕС, а з якім Уга Чавесам. Тая ж кампліментарная форма.

 

Пасля ўскладання кветак да манумента на плошчы Перамогі, кіраўнік ураду Італьянскай Рэспублікі вырашаў прагуляцца па беларускай сталіцы.

 

Кароткі шпацыр скончылася ў краме «Крышталь», што на галоўным праспекце. Там уладальнік футбольнага клуба «Мілан» набыў цукерачніцу і вазу для садавіны барысаўскай вытворчасці агульным коштам больш за 800 тыс. беларускіх рублёў.

 

Усяго візіт доўжыўся крыху болей за 3 гадзіны. Вечарам Берлусконі адляцеў назад у Італію. Характэрна, што першым еўрапейскім візіцёрам у Беларусь быў менавіта неардынарны Сільвіё Берлусконі. Еўрасаюз як бы чарговы раз спрабуе перастрахавацца. Нават калі Лукашэнка не адважыцца на больш шырокі разварот у бок Еўропы, то можна заўсёды спаслацца, што перамовы вёў скандальны італьянскі лідэр.

Крыніца: "Наша Ніва"

Навіны па тэме