У МЕНСКУ ПРЭЗЕНТАВАНАЯ «КНІГА ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА»

Кніга польскіх, беларускіх і літоўскіх аўтараў пра ВКЛ выйшла ў Польшчы на беларускай, літоўскай, польскай і ангельскай мовах.
Днямі ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы адбылася прэзентацыя «Кнігі Вялікага княства Літоўскага». Сярод беларускіх аўтараў выдання – пісьменнік Уладзімір Арлоў, публіцыст Сяргей Дубавец і гісторык Генадзь Сагановіч.
Ініцыятарамі выдання, прысвечанага 1000-годдзю першага летапіснага ўзгадвання Літвы, выступілі польскі мастак, выхаванец Навагрудскай беларускай гімназіі Анджэй Струміла, польскі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі Чэслаў Мілаш і літоўскі паэт Томас Венцлава. Выданне ўяўляе з сябе фаліянт у скураной вокладцы вагою каля 6 кг.
Складальнік кнігі Сяргей Дубавец адзначыў вялікую цікаўнасць людзей да прэзентацыі кнігі. На яго думку, іх сабрала жывая ідэя ВКЛ, якая можа заўтра адрадзіцца ў нейкіх формах. «Людзі, якім сёння не вельмі падабаецца сённяшняя геапалітычная сітуацыя і стан народаў, мараць пра ВКЛ. Я ведаю, што беларусы вельмі мараць пра Вялікае княства Літоўскае», - сказаў Дубавец.
Паводле Струмілы, выданне кнігі – гэта акт эмацыйны, што мае на мэце паказаць погляды інтэлектуалаў, якія жывуць на прасторах былога ВКЛ. Ён лічыць, што трэба захоўваць ВКЛ – вялікую і багатую гісторыка-культурную спадчыну ўсіх народаў, якія жылі на тэрыторыі гэтай краіны.
Складальнік кнігі, літоўскі гісторык Эгідыус Александравічус мяркуе, што справа ВКЛ жыве ў памкненні да свабоды чалавека і вяршэнства закона.
У прэзентацыі ўзялі ўдзел артысты тэатра, якія паказалі ўрыўкі з кнігі, клуб «Рыцары Вялікага княства», музычны ансамбль «Гуды», гурт сярэднявечнай музыкі «Стары Ольса» і ансамбль сярэднявечнага танца «Фламея».
Арганізатарамі прэзентацыі выступілі амбасада Літвы, фонд «Памежжа» (Сейны, Польшча) і Польскі інстытут у Менску.