ПРАДСТАЎНІКІ КАСЦЁЛА, ПРАВАСЛАЎНАЙ ЦАРКВЫ І ХРЫСЦІЯН-БАПТЫСТАЎ АБМЕРКАВАЛІ ПРАБЛЕМЫ СНІДУ

04.12.2009, 12:28  |  Навіны, Культура

2 снежня ў Гомелі адбыўся семінар па праблемах ВІЧ/СНІДу, які арганізавала грамадскае аб’яднанне «Асацыяцыя дзяцей і моладзі» пры падтрымцы Царквы Евангельскіх хрысціян-баптыстаў і міжканфесійнай місіі «Хрысціянскае сацыяльнае служэнне».

 

У мерапрыемстве прынялі ўдзел супрацоўнікі медыцынскіх установаў і прадстаўнікі асноўных канфесій горада — Праваслаўнай Царквы, Каталіцкага Касцёла і Царквы Евангельскіх хрысціян-баптыстаў.

 

Падчас семінару медыкі азнаёмілі яго ўдзельнікаў з эпідэмічнай сітуацыяй па захворванню ВІЧ/СНІД у Гомельскай вобласці. Гэты рэгіен займае ў краіне лідзіруючае становішча па колькасці ВІЧ-інфіцыраваных: на 1 лістапада гг. у Беларусі зарэгістравана больш за 10 500 выпадкаў інфекцыі, з якіх амаль палова прыпадае на Гомельскую вобласць. Большасць хворых — маладыя людзі ва ўзросце ад 15 да 29 гадоў. Павялічылася колькасць людзей, інфіцыраванне якіх адбылося палавым шляхам: з пачатку 2009 г. іх колькасць складае 76,7% з агульнай колькасці захварэўшых.

 

Праваслаўны святар а. Вадзім Качан, кс. Славамір Ляскоўскі і пастар Царквы Евангельскіх хрысціян-баптыстаў Леанід Калеснічэнка ў сваіх выступленнях прытрымліваліся агульнай думкі: СНІД не з’яўляецца толькі медыцынскай праблемай, яго немагчыма спыніць рознымі акцыямі і шырокай асветніцкай працай — вырашаць праблему трэба, пачынаючы з прычыны, а не следства. Прычына эпідэміі, як адзначалі дакладчыкі, — гэта духоўныя хваробы чалавека і ўсяго грамадства, а таксама несур’ёзныя адносіны да Божых запаведзяў.

 

Разам з тым, як падкрэсліў кс. Славамір Ляскоўскі, Касцёл заўсёды прысутнічае там, дзе існуе пэўная праблема асобы. Менавіта па гэтай прычыне з самага пачатку эпідэміі СНІДу Ватыкан надаваў гэтаму пытанню ўвагу і аказваў падтрымку ВІЧ-інфіцыраваным. Дакладчык адзначыў, што пытанне СНІДу датычыцца выканання дзвюх Божых запаветаў: «не забівай» і «не чужалож». «Жыццё ахоўваецца выкананнем гэтых дзвюх запаведзяў. Мы можам абараніць сябе ад СНІДу, ахоўваючы жыццё і яго сексуальную сферу ад жорсткай агрэсіі», — дадаў святар. — Толькі вучэнне Бібліі аб цнатлівасці можа спыніць СНІД. Яшчэ ніхто не памёр ад цнатлівасці, а ад СНІДу паміраюць. Устрыманне не патрабуе фінансавых выдаткаў, а распутнае жыццё, нават з прэзерватывамі, рана ці позна прыводзіць да СНІДу», — адзначыў дакладчык, спасылаючыся на ліст Каталіцкіх Біскупаў Афрыкі, прысвечаны гэтай праблеме.

 

Айцец Вадзім Качан выказаў меркаванне, што пры размовах з дзецьмі і моладдзю не варта акцэнтаваць увагу на праблеме СНІДу, бо за штогадовыя аднапланавыя лекцыі і гутаркі моладзь стамілася слухаць адно і тое ж. «Моладзі трэба казаць пра тыя праблемы, якія іх хвалююць, — як стаць шчаслівым, як знайсці сябе, жыць у гармоніі са светам і самім сабой. Трэба казаць пра культурныя, духоўныя, сямейныя традыцыі, пра тое, чым пагражаюць у жыцці грэблівыя адносіны да маральных каштоўнасцяў, Божых запаведзяў. Біблія нічога не забараняе — яна папярэджвае, як правілы дарожнага руху. Ты вольны іх не выконваць, але такія паводзіны рана ці позна прывядуць да катастрофы. Так і грэблівыя адносіны да Божых запаведзяў прывядуць чалавека да жыццёвай катастрофы», — падкрэсліў святар.

 

Пастар Леанід Калеснічэнка прысвяціў сваё выступленне праблемам выхавання дзяцей. Дакладчык выказаў меркаванне, што сям’я выконвае дамінантную ролю ў духоўным выхаванні дзяцей. На ўзорах з асабістага жыцця пастар расказаў, як можна выхоўваць дзяцей, каб быць для іх прыкладам, аўтарытэтам, сябрам, лепшым памочнікам і дарадчыкам. Кажучы аб праблеме СНІДу, Леанід Калеснічэнка даў сваю расшыфроўку гэтаму паняццю, назваўшы яго «сістэматычным пагарджаннем праўдзівым Дэкалогам».

Навіны па тэме