АКТЫВІСТ АЛЕСЬ ГАЛАВАНЬ ВЫРАШЫЎ НЕ ВЯРТАЦЦА Ў БЕЛАРУСЬ

08.12.2009, 12:22  |  Галоўныя навіны, Навіны

27-гадовы віцебскі актывіст “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі” Алесь Галавань, адзін з лідэраў маладзёвай дэмакратычнай кааліцыі Віцебшчыны, пасля ўдзелу ў семінары “Маладых Хрысціянскіх Дэмакратаў” у Рызе перад ад’ездам пакінуў у гатэлі пашпарт і запіску, дзе паведаміў што прыняў рашэнне не вяртацца ў Беларусь.

 

Алесь Галавань – праваслаўны братчык, актывіст “Маладога Фронту” з 2000 году, а потым – і БХД, неаднаразова падвяргаўся пераследу і рэпрэсіям з палітычных матываў.

 

Нагадаем, 27 верасня падчас візіту ў Віцебск Патрыярха Маскоўскага і ўсёй Русі Кірыла Галавань быў затрыманы за распаўсюд бюлетэняў “Прамень” і “Крыніца”, а таксама іншых інфармацыйных матэрыялаў БХД. Падчас знаходжання Алеся ў пастарунку міліцыянты дазволілі сабе правакацыйныя выказванні наконт беларускай мовы і яго рэлігійных перакананняў. У сваёй скарзе актывіст БХД пералічыў усе нанесеныя яму абразы.

 

30 верасня Алесь Галавань быў жорстка збіты. Пры збіцці яму перадавалі “прывітанні” ад кіраўніка Кастрычніцкага РАУС Віцебска Каліноўскага і адказнага за масавыя мерапрыемствы ў гарадской адміністрацыі Скарыновіча. З гэтымі асобамі актывіст БХД неаднаразова сутыкаўся падчас правядзення акцыяў.

 

Зараз сувязі з Алесем Галаванем няма. Ягоны пашпарт перададзены ў беларускую амбасаду ў Рызе. У паліцыі латвійскай сталіцы заяўляюць, што не маюць звестак пра Галаваня.

 

Сябры Алеся лічаць, што ён мог прыняць рашэнне аб невяртанні пад уплывам апошніх падзеяў у Беларусі: смерці актывіста Валянціна Доўнара і выкраданняў моладзі.

Навіны па тэме