“НОВАЕ ЖЫЦЦЁ”: МЫ ВЕРЫМ ШТО ГАСПОДЗЬ НАС АБАРАНЯЕ

09.12.2009, 15:05  |  Галоўныя навіны, Навіны

Юрыст царквы “Новае Жыццё” Сяргей Луканін у інтэрв’ю прэсавай службе БХД параўнаў сітуацыю вакол сталічнай царквы “Новае Жыццё” з сучаснай гісторыяй Румыніі.

 

“Я думаю, калі дойдзе да жорсткага супрацьстаяння, калі ўлады пачнуць сілавыя дзеянні супраць вернікаў, цалкам магчыма, што падобная гісторыя можа здарыцца і ў Беларусі”, - сказаў Сяргей Луканін.

 

Нагадаем, менавіта з таго, што ўлады сталі  жорстка ціснуць пратэстанцкую царкву ў румынскім горадзе Цімішаара і на яе святара Ласлу Цёкіша, пачалося паўстанне вернікаў, да якіх далучыліся іншыя грамадзяне Румыніі, незадаволеныя палітыкай тагачасных уладаў. Паўстанне хутка дайшло да Бухарэсту і прывяло да падзення рэжыму Чаўшэску.

 

8 снежня вышэйшы гаспадарчы суд адмовіў вернікам суполкі «Новае Жыццё», якія намагаліся адмяніць судовае рашэнне аб перадачы іхнага будынка на баланс гарадскіх уладаў, паводле якога яны абавязаны вызваліць памяшканне. Гэта было ўжо 28 судовае паседжанне, якое скончылася не на карысць вернікаў “Новага Жыцця”.

 

- “Рашэнне ўступіла ў сілу адразу. Мы знаходзімся ў той сітуацыі, калі ўлады ў любы момант могуць пачаць супраць нас актыўныя дзеянні, каб вызваліць ад нас наш будынак, у тым ліку з дапамогай праваахоўных ворганаў.

 

Да гэтага часу ўлады вялі тактыку псіхалагічнага ціску. Толькі на мінулым тыдні розныя службы амаль штодня з’яўляліся на нашай тэрыторыі і патрабавалі ад нас нейкіх тлумачэнняў. Напрыклад, прыйшлі прадстаўнікі службы аховы прыроды і заявілі, што маюць інфармацыю аб тым, што мы быццам бы забруджваем тэрыторыю царквы. Мне было вельмі дзіўна гэта чуць, бо да таго, як наша царква выкупіла гэты кавалак зямлі, тут месціўся гарадскі сметнік. Вось там было вельмі шмат бруду, але тады з аховы прыроды туды не прыязджалі”.

 

Сітуацыя для вернікаў не новая. Яны судзяцца з уладамі ад 2005 году, калі ў іх незаконна забралі зямельны надзел і будынак. На сваіх сходах вернікі “Новага Жыцця” неаднаразова прымалі рашэнне не аддаваць будынак.

 

- “Мы не баімся ніякіх пагроз з боку уладаў. У нас няма страху, ня гледзячы на тое, што шмат разоў тут была міліцыя, вернікам пагражалі і вялікімі штрафамі, і турмой. Але мы верым у тое, што Гасподзь нас абараняе. Менавіта таму, што Гасподзь за нас, усе тры гады нашага супрацьстаяння ўладам нас ніхто не можа высяліць з  нашага будынку.

 

Мы зладзілі кругласуткавае дзяжурства ў будынку царквы, і днём і ноччу працягваецца малітоўны марафон. Вернікі і верніцы просяць Бога, каб Ён абараніў нашу царкву”, - кажа Сяргей Луканін.

 

Вернікі разумеюць, што ў любы момант да іх можа прыйсці міліцыя. Дагэтуль у супрацьстаянні ўладаў і вернікаў не была ўжываная сіла. Вернікі не збіраюцца яе ўжываць дзеля сваёй абароны і цяпер.

 

- “У нас няма ніякіх узброеных падраздзяленняў, байцоў, якія рыхтуюцца да жорсткага супрацьстаяння.

 

Але мы заяўляем, што мы не пакінем наш будынак. І калі ўлады будуць прадпрымаць спробы сілавымі сродкамі нас выдаліць адтуль, усе вернікі нашай царквы – а гэта каля 1000 чалавек, разам з дзецьмі прыйдуць да будынку. Мы будзем стаяць на вуліцы, мы будзем стаяць унутры, і такім чынам адстойваць нашу праўду”.

 

Сяргей Луканін верыць, што стаяць яны будуць не адныя.

 

- Мы таксама спадзяемся, што да нас далучацца і іншыя. Так, на другім Устаноўчым з’ездзе “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі” адзін з лідэраў партыі Павал Севярынец заклікаў усіх сябраў БХД быць разам з намі, калі супраць нашых вернікаў пачнуцца жорсткія метады барацьбы. Мы ведаем, што ёсць і іншыя суполкі, якім неабыякавая сітуацыя з царквой “Новае Жыццё”.

 

Салідарнасць з “Новым Жыццём” выказваюць і ўплывовыя еўрапейскія структуры. Так, падрыхтаваны праект рэзалюцыі “Еўрапейскай Народнай Партыі”, асобным радком у якім ўтрымліваецца патрабаванне дазволіць “Новаму Жыццю” дзейнічаць свабодна.

 

- Такім чынам беларускія ўлады атрымаюць яшчэ адзін сігнал: не трэба рабіць таго, што вы робіце зараз. Бо сітуацыя з “Новым Жыццём” – гэта не проста гаспадарчая спрэчка. Развіццё добрых адносінаў з Еўразвязам таксама залежыць ад таго, якую пазіцыю ўлады зоймуць і ў сітуацыі з нашымі вернікамі, - адзначыў Сяргей Луканін.

Навіны па тэме