ПАЧАЎСЯ ВІЗІТ БЕЛАРУСКІХ БІСКУПАЎ У ВАТЫКАН

11.12.2009, 10:45  |  Навіны, Грамадства

11 снежня пачаўся візіт аd limina apostolorum (да апостальскіх парогаў, ці да грабніц святых апосталаў) беларускіх біскупаў у Ватыкан.

 

Паводле прэс-сакратара Беларускай рымска-каталіцкай царквы ксяндза Аляксандра Амяльчэні, гэта трэці такі візіт беларускага епіскапату ў Ватыкан і першы — да папы Бенедыкта XVI. На апошні дзень візіту, 17 снежня, прызначана сустрэча беларускіх іерархаў са святым айцом.

 

Біскупы наведаюць усе чатыры рымскія базілікі, дзе возьмуць удзел у набажэнствах. Кульмінацыяй візіту стануць дзве сустрэчы з пантыфікам. Спачатку кожны біскуп паасобку сустрэнецца з папам, а 17 снежня святы айцец звернецца да ўсёй канферэнцыі беларускіх біскупаў з пасланнем, якое рыхтуецца на аснове справаздач і вусных паведамленняў іерархаў. Гэтае пасланне з'яўляецца праграмным, і папа робіць у ім акцэнт на пытаннях, якія патрабуюць вырашэння дзеля далейшага развіцця царквы.

 

Як адзначыў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, візіт ad limina — гэта як рахунак сумлення біскупа, а праз біскупа — і ўсёй дыяцэзіі. "Сярод праблем, якія неабходна ўзняць, — малая колькасць касцёлаў у дыяцэзіях, у маёй у прыватнасці, і асабліва ў Мінску. Падчас апошняга візіту ad limina біскупаў з Беларусі ў Ватыкан у 2003 годзе Ян Павел ІІ адзначаў, што неабходна інтэнсіфікаваць будаўніцтва касцёлаў у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Вялікай праблемай з'яўляецца недахоп святароў, духоўнае і інтэлектуальнае выхаванне свецкіх, падрыхтоўка рэлігійнай літаратуры на беларускай мове. Я не бачу перспектывы развіцця касцёла ў Беларусі без уключэння ў гэты працэс масмедыя. Патрабуе ўдасканалення і дабрачынная дзейнасць. Важным пытаннем з'яўляецца падпісанне пагаднення паміж Беларуссю і Ватыканам. Несумненна, я буду гаварыць і пра тое, што Беларусь чакае святога айца", — сказаў Кандрусевіч.

 

Мітрапаліт плануе ўзняць перад папам пытанне стану і перспектыў развіцця дыялогу з праваслаўнай царквой, міжхрысціянскага і міжрэлігійнага дыялогу, праблему выхавання моладзі.

 

Візіты ad limina apostolorum адбываюцца раз у пяць гадоў. Спачатку біскупы рыхтуюць справаздачы аб жыцці сваёй дыяцэзіі, яе праблемах і перспектывах. Падрыхтаваныя дакументы за паўгода да візіту высылаюцца ў Ватыкан, дзе разглядаюцца і вывучаюцца. Візіт адбываецца ў рамках вызначанай праграмы.

Крыніца: БелаПАН

Навіны па тэме